У памежжы Гомельскай вобласці пачалі жыць пад гукі выбухаў
- 1.06.2026, 12:38
- 1,844
Прычына — новая тактыка нападаў РФ на Украіну.
Маніторынг выпадкаў парушэння паветранай прасторы Беларусі падчас атакаў Расіі па тэрыторыі Украіны працягвае «Флагшток» і распавядае, якой была сітуацыя ў маі 2026 года.
Звыклая сістэма, калі амаль усе залёты фіксавалі ўкраінскія маніторынгавыя каналы, стала неэфектыўнай. Павялічылася колькасць «неўлічаных» БПЛА, пра якія становіцца вядома дзякуючы сведчанням мясцовых жыхароў.
Акрамя таго, з'явіліся масавыя пралёты ўкраінскіх дронаў праз Браншчыну з магчымымі адхіленнямі ў бок Беларусі.
Апошнія зафіксаваныя выпадкі залётаў расійскіх беспілотнікаў у Гомельскую вобласць маніторшчыкі зафіксавалі 30–31 мая. Пра тое, што з тэрыторыі Беларусі рухаецца БПЛА ў бок Палескага прыроднага запаведніка на Жытоміршчыне, паведамляў канал «Рында мониторит» каля 07:40 30 мая.
Наўзаўтра, 31 мая прыкладна ў 13:40 канал «еРадар» інфармаваў пра тое, што дрон улятае ў Беларусь праз Добрянку.
Такім чынам, з улікам папярэдніх публікацый «Флагштока», можна канстатаваць, што толькі зафіксаваных выпадкаў залётаў у маі было як мінімум 18.

Пры гэтым насельніцтва памежных з Украінай раёнаў Гомельшчыны пачало жыць пад частыя гукі выбухаў, якія даносяцца з сумежнай тэрыторыі. Гэта вынік новай тактыкі РФ: расійскія войскі перыядычна запускаюць з Бранскай вобласці ва Украіну ўдарныя беспілотнікі ўздоўж мяжы Беларусі на адлегласці 5–10 кіламетраў.

Украінская СПА імкнецца збіваць дроны па шляху іх руху. Пры збіцці адбываюцца выбухі — гэта значыць, жыхары памежных раёнаў пачалі чуць з тэрыторыі Беларусі працу сіл супрацьпаветранай абароны Украіны.

Пра апошні такі выпадак Паветраныя сілы ЗСУ паведамлялі літаральна 31 мая, калі група рэактыўных БПЛА каля 14.00 рухалася на поўначы Чарнігаўшчыны ўздоўж мяжы з Беларуссю курсам на захад.
Гэта тактыка скіраваная на ўскладненне працы ўкраінскай супрацьпаветранай абароны і выкарыстанне беларускай паветранай прасторы ў якасці прыкрыцця. БПЛА ляцяць калонай (ланцужком) паралельна мяжы, каб пазбегнуць ранняга выяўлення і прарвацца ўглыб заходніх або цэнтральных абласцей Украіны.
Дарэчы, у маі ўкраінскія Сілы абароны збілі ў небе над Чарнігаўшчынай рэкордную колькасць расійскіх дронаў. Як адзначаецца, ідзе гаворка пра амаль 1400 знішчаных БПЛА. Пра гэта паведаміў начальнік Чарнігаўскай ОВА Вячаслаў Чаус на сваёй старонцы ў Facebook.
«У маі Сілы абароны збілі 1 390 ударных беспілотнікаў у небе над Чарнігаўшчынай. Яшчэ больш за 250 дронаў былі лакальна страчаныя або падаўленыя сродкамі РЭБ. Гэта рэкордная колькасць збітых дронаў у параўнанні з любым папярэднім месяцам. Агрэcар значна нарастіў колькасць удараў па Чарнігаўшчыне за апошні месяц. А мы, адпаведна, наростылі шчыльнасць СПА».