У Новай Маскве пачалі абмяжоўваць продаж бензіну
1- 1.06.2026, 12:44
- 1,792
Пасля ўкраінскіх удараў па найбуйнейшых НПЗ у Цэнтральнай Расіі.
У Расіі разгараецца паліўны крызіс на тле ўкраінскіх удараў, што працягваюцца па нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ). Дэфіцыт аўтамабільнага паліва, з якім раней сутыкнуліся ў акупаваных Севастопалі і Крыме, дайшоў да сталічнага рэгіёна. У Новай Маскве на аўтазаправачных станцыях (АЗС) пачалі з’яўляцца аб’явы пра абмежаванне продажу бензіну 60 літрамі ў адны рукі, а дызельнага паліва — 100 літрамі. Такі парадак адпуску паліва будзе дзейнічаць «да далейшых распараджэнняў», вынікае з паведамленняў, на якія звярнуў увагу тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ».
Да гэтага ў Севастопалі прызначаныя Расіяй улады спачатку абмежавалі продаж бензіну 20 літрамі ў адны рукі і ўвялі талоны на дызельнае паліва, а пасля заявілі пра «часовую» адсутнасць АІ-92 і АІ-95. У Крыме таксама пачалі адпускаць не больш за 20 літраў АІ-95 у адны рукі. Ліміты на продаж паліва ўсталявалі і ў іншых акупаваных рэгіёнах Украіны — у Запарожскай і Данецкай абласцях. Паводле падлікаў Bloomberg, у маі Украіна ўстанавіла рэкорд за ўвесь час вайны, здзейсніўшы 16 атак на расійскія НПЗ цягам месяца. Таксама было нанесена больш як дзесяць удараў па нафтаправодах, нафтабазах і партах. Паводле даных Reuters, да другой паловы мая ў Расіі спыніліся нафтаперапрацоўчыя заводы агульнай магутнасцю 238 тыс. тон у суткі — каля чвэрці ад агульнарасійскай.