Былы шэф-рэдактар «Расіі-1»: Для Пуціна ўжо 15 гадоў робяць асобныя выпускі навін
8- 14.06.2026, 21:15
- 3,408
Дыктатар РФ мала што ведае пра рэальныя падзеі і пра тое, што адбываецца на вайне.
Дыктатар Расіі Уладзімір Пуцін з 2011 года атрымлівае асобныя выпускі навін, якія не выходзяць у тэлеэфір і прызначаныя толькі для яго. Пра гэта распавёў у інтэрв'ю «І грымнуў Грэм» былы шэф-рэдактар праграмы «Вести» на «Расіі-1» Дзмітрый Скаробутаў, перадае The Moscow Times.
Паводле яго слоў, калі ён працаваў на канале, праект меў кодавую назву «Галоўны гледач». «Гэта было так. Напрыклад, а 20-й гадзіне ў эфір выходзіў звычайны выпуск „Вестей“, пасля чаго выпусковая брыгада заставалася. Ну, у нас былі, адпаведна, указанні, якія навіны пакінуць у гэтым выпуску, якія дадаць, дзе што прыпрыгожыць, дзе што прыбраць, каб потым Пуціну паказалі ідэальную карцінку цудоўнай сучаснай Расіі. То бок вось ён такі добры прэзідэнт», — адзначыў Скаробутаў.
Ён удакладніў, што да такога фармату перайшлі пасля масавых пратэстаў у Маскве, якія праходзілі пад лозунгам «За сумленныя выбары» і сталі аднымі з найбуйнейшых у найноўшай гісторыі Расіі. «Іх усіх [акружэнне Пуціна] ўзрушыла Балотная, і яны пастараліся пачаць ізаляваць яго менавіта ад рэальных падзей, ад інфармацыйнага асяроддзя, не кажучы ўжо пра кантакты ўвогуле з вонкавым светам. Вось такім чынам», — патлумачыў Скаробутаў. Паводле яго слоў, цяпер Пуцін атрымлівае яшчэ менш праўдзівай інфармацыі, асабліва пра вайну ва Украіне. Зводкі з фронту пачалі цэнзураваць для прэзідэнта пасля красавіка 2022 года, калі Узброеныя сілы Украіны патапілі флагман Чарнаморскага флоту — крэйсер «Масква». «Што я бачу цяпер, гэта проста кашмар. Ён мала што ведае пра рэальныя падзеі і вельмі мала пра тое, што адбываецца на вайне», — рэзюмаваў Скаробутаў.