Расіяне зноў правалілі штурм Малой Токмачкі
3- 19.06.2026, 14:14
- 1,822
Акупанты так і не дайшлі да вёскі.
Расійскія войскі прадпрынялі чарговую спробу прарыву да Малой Токмачкі на Запарожскім напрамку, аднак украінскія абаронцы знішчылі штурмавыя групы яшчэ на падступах да населенага пункта.
Пра гэта ў эфіры «Армія TV» паведаміў начальнік аддзела сувязі 118-й асобнай механізаванай брыгады маёр Дзмітрый Пеліх.
Па словах афіцэра, пасля таго як 118-я брыгада трапіла ў Кнігу рэкордаў Украіны за доўгае ўтрыманне Малой Токмачкі, вайскоўцы чакалі актывізацыі расійскіх атак.
«Мы чакалі, што вораг будзе кідаць некалькі дзясяткаў сваіх штурмавікоў, якія пешшу будуць спрабаваць пранікнуць на ўскраіну гэтага населенага пункта, каб сфатаграфавацца або там «Мавіку» памахаць сваім трыкалорам. Але мінула 20 сутак, і ніякіх такіх рухаў зафіксавана не было», — адзначыў Пеліх.
У той жа час 16 чэрвеня расійскія войскі ўсё ж паспрабавалі атакаваць населены пункт.
«Ніводзін з акупантаў не ўбачыў Малой Токмачкі. Бліжэй за ўсіх да населенага пункта мы падпусцілі чалавека, які знаходзіўся прыкладна ў 300 метрах. Вынік для іх адзін. Фактычна ўсе загінулі», — падкрэсліў вайсковец.
Па яго словах, падчас адбіцця штурму украінскія абаронцы знішчылі 26 расійскіх вайскоўцаў, яшчэ больш за дзесяць акупантаў атрымалі раненні.
Рэпутацыйныя страты для расійскай арміі
Пеліх адзначыў, што гісторыя з Малой Токмачкай нанесла Расіі не толькі баявыя, але і інфармацыйныя страты. Паводле яго, інфармацыя пра рэкорднае ўтрыманне населенага пункта ўкраінскай брыгадай атрымала шырокі розгалас нават у расійскай інфармацыйнай прасторы.
«Вельмі вялікая частка насельніцтва зразумела, што іхняя прапаганда хлусіла паўтара года. А з улікам таго, што іх міністр абароны ўжо ўзнагародзіў некаторыя падраздзяленні за ўзяцце Малой Токмачкі, калі гэта трапіла ў інтэрнэт, то трэба было рознымі метадамі і сродкамі браць гэты населены пункт», — растлумачыў афіцэр.
На яго думку, расійскае камандаванне сабрала штурмавую групу з некалькіх падраздзяленняў і разлічвала выключна на эфект нечаканасці.
Як паведамілі ў 118-й брыгадзе, гэтым разам акупанты атакавалі ў нетыповы час — каля 18:00, пры поўнай бачнасці, а не ў змроку, як звычайна.
У наступе было задзейнічана больш за 30 адзінак мататэхнікі, на якой перамяшчаліся расійскія штурмавікі, аднак прарваць украінскую абарону ім не ўдалося.