20 чэрвеня 2026, Субота, 9:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Патроху ператвараемся ў Эфіопію»

4
«Патроху ператвараемся ў Эфіопію»

Як сёння жывецца ў беларускай глыбінцы?

Як сёння жывецца людзям у беларускай глыбінцы? «Салідарнасць» пагаварыла з суразмоўцамі пра працу, медыцыну і якасць жыцця ўвогуле.

Гэтыя некалькі гісторый запісаныя са слоў жыхароў беларускай глыбінкі — некалькіх аграгарадкоў і пары невялікіх райцэнраў. Па зразумелых прычынах тут не будзе імёнаў і дакладных геаграфічных месцаў. Але многім апісаныя сітуацыі, безумоўна, будуць знаёмыя незалежна ад месца жыхарства.

Прайсці медагляд — сапраўдны квэст

Раней усё можна было зрабіць у роднай паліклініцы, — узгадвае жыхар вёскі, што знаходзіцца за кіламетр ад райцэнтра. Яму, як вадзіцелю, у свой час штогод трэба было праходзіць медкамісію. «Адзін-два дні ў паліклініцы — і ўсе подпісы сабраныя. Але гэта было гадоў пятнаццаць таму».

Потым пачалі знікаць лекары. То хірурга чакалі некалькі гадоў, пакуль не прыславалі маладога спецыяліста. То афтальмолага, без якога камісію дакладна не пройдзеш.

«Цяпер часы, калі толькі да аднаго акуліста трэба было ехаць у суседні раён або вобласць, людзі ўспамінаюць з настальгіяй», — кажа былы шафёр.

Сёння, каб сабраць усе подпісы, трэба прайсці цэлы квэст, матаючыся па суседніх раёнах, дзе яшчэ засталіся патрэбныя лекары. У іх паліклініцы ўчарашнія выпускнікі надоўга не затрымліваюцца, а стары персанал і так даўно на пенсіі.

На таксі па даганку

Але яшчэ трэба неяк трапіць у суседні раён, — наракае жыхарка аграгарадка. Ён размешчаны далёка ад важных дарог. І калі раней па глухіх вёсках хоць раз на дзень хадзіў рэйсавы аўтобус, дык цяпер мясцовы аўтавакзал у райцэнтры моцна скараціў колькасць маршрутаў.

У пэўны момант нішу занялі прыватныя маршруткі, але ўлады ўзяліся наводзіць парадак.

«Навялі — дык навялі: ні аўтобусаў не засталося, ні маршрутак», — кажа суразмоўніца.

І цяпер, каб трапіць у суседні раён да родных, што жывуць за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад яе дома, яна ў лепшым выпадку траціць палову дня. Пры гэтым трэба лавіць на прыпынку праходныя аўтобусы, спадзеючыся на літасць кіроўцы, які не абавязаны спыняцца.

Часткова сітуацыю ратуюць таксі, што растуць як грыбы. Насамрэч гэта мясцовыя жыхары, пра чые паслугі людзі даведваюцца дзякуючы сарафаннаму радыё. Адкуль у вяскоўцаў з іх заробкамі грошы на таксі?

«Прыязджалі дзеці з горада, моцна здзіўляліся расцэнкам на паездку. Казалі, як тыя таксісты выжываюць з такімі капейчанымі цэнамі. Але тут не горад, ніхто не будзе ездзіць па мінскіх цэнах», — тлумачыць жанчына.

На плыву мясцовых таксістаў трымае колькасць заказаў: нехта едзе ў раён да доктара, камусьці трэба на вакзал да праходнага аўтобуса ў абласны цэнтр. А нехта вымушаны дабірацца на працу ў суседні раён і скідваецца на бензін.

Нават мясцовыя алкашы хутка зразумелі, як скарыстацца сітуацыяй. Выклікаюць машыну, даюць вадзіцелю спіс патрэбнага. І той за даплату едзе ў раён у краму ды па даганку.

Улады не надта задаволеныя такім становішчам, на нелегальных таксістаў палюе падатковая.

«Самі ўжо нічога не могуць людзям прапанаваць. А вось штраф спагнаць — мілае дзела», — кажа суразмоўніца.

Работы — болей, грошай — меней

«Мне нельга губляць працу — трэба аліменты плаціць, інакш суд, а там і «хімія». І мой начальнік гэта выдатна разумее», — дзеліцца работнік дзяржпрадпрыемства.

Па яго словах, да іх на працу пачасцілі ідэалагічныя дэсанты.

Прыязджаюць усе такія дагледжаныя, мордастыя. І кажуць, як нам трэба сабрацца, падцягнуцца, уперціся. І, вядома ж, эканоміць на ўсім. А ў прыбіральні даўно ўжо замест мыла — адны бурбалкі, а найтаннейшая туалетная папера ледзь мякчэйшая за наждачку.

Эканоміць, сцвярджае мужчына, пачалі і на работніках:

Скарачаюць няшчадна, абавязкі дзяляць на тых, хто застаўся. І атрымліваецца, што я цяпер працую за дваіх, а зарплата пры гэтым тая самая.

Яго былой жонцы пашанцавала яшчэ меней. Яе таксама нагрузілі дадатковай працай, але панізілі ў пасадзе, урэзаўшы зарплату.

«Патроху ператвараемся ў Эфіопію», — робіць выснову суразмоўца.

«Раней старшыню ўсе ведалі ў твар»

Гаспадарку, у якой яшчэ нядаўна працаваў наш апошні суразмоўца, чакаюць перамены. Яе хочуць далучыць да іншай. Але ў работнікаў няма асаблівай радасці ад «выратавальнай аперацыі», бо будучы донар і сам дыхае на ладан.

«Самы галоўны момант, што ўсё гэта цудоўна разумеюць. І наш калгас, і суседзі, да якіх яго хутка прылепяць. І начальнікі, якія, падаецца, ужо не бачаць іншых спосабаў, каб неяк адцягнуць непазбежнае», — кажа мужчына.

І параўноўвае былыя гады з тым, што адбываецца цяпер. Раней старшыню калгаса ўсе ведалі ў твар, імя і імя па бацьку ведалі. Бо чалавек мог пастарэць на гэтай пасадзе.

А цяпер кіраўнікі змяняюцца, як пальчаткі. Адзін-два ўраджаі сабраў — і ўсё: у лепшым выпадку сыдзе па стане здароўя, або праз некалькі месяцаў людзі даведаюцца, што забралі за смешны хабар.

У вёсках усё больш чужаземцаў. Мясцовых гэта напружвае, а начальства радуе. Узбекі, таджыкі і туркмены, як правіла, не п'юць, а гэта ўжо палова поспеху.

«Людзі глядзяць на іх з трывогай. Шмат хто прыязджае адзін, але працай і ўмовамі задаволены, збіраюцца неўзабаве сем'і перавозіць, — кажа сяльчанін. — А нашы мужыкі ад п'янкі і цяжкай працы многія да пенсіі не дажываюць. Калі так і далей будзе, дык хутка наша вёска перастане быць беларускай».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках