«Адбылося тое, чаго мы зусім не чакалі»
1- 20.06.2026, 12:44
- 2,366
Папулярная мінская пякарня перадумала зачыняцца.
Сталічная пякарня «Лён» на вуліцы Ракаўскай, якая вырашыла спыніць працу пасля таго, як уласнік памяшкання скасаваў дамову арэнды з уладальнікамі, перадумала зачыняцца. Пра гэта каманда праекта паведаміла ў сябе ў Instagram.
У публікацыі адзначаецца, што 18 чэрвеня, анансуючы сваё закрыццё, калектыў быў упэўнены, што пякарні «заставалася працаваць лічаныя дні».
«Але дзякуючы вам адбылося тое, чаго мы зусім не чакалі. <�…> Пасля публікацыі з намі звязаліся людзі і кампаніі, якія прайшлі праз падобныя абставіны, і дапамаглі нам убачыць магчымасць, якая можа даць праекту шанец на выратаванне. Таму сёння мы прынялі рашэнне скарыстаць гэты шанец», — паведаміла каманда праекта.
Аўтары допісу адзначылі, што не ведаюць, «як будуць развівацца падзеі далей і колькі часу зможам працягваць працу ў цяперашнім фармаце», але выказалі надзею, што «усе працэсы будуць адбывацца ў межах заканадаўства».
«Цяпер мы працягнем працаваць да развязання сітуацыі ў той ці іншы бок. Пры гэтым просім паставіцца з разуменнем да магчымых чэргаў, затрымак і перабояў з асартыментам. Мы ўжо рыхтаваліся да закрыцця, таму цяпер камандзе даводзіцца адначасова падтрымліваць працу кавярні і змагацца за будучыню праекта», — папярэдзіў «Лён».
Нагадаем, 18 чэрвеня каманда праекта паведаміла, што ўласнік памяшкання, у якім знаходзіўся «Лён», скасаваў дамову арэнды. За права працягваць працу на звыклым месцы ўласнікі кампаніі змагаліся ў судзе пяць месяцаў.
«Менавіта тут размешчана не толькі наша кавярня, але і вытворчасць, і скасаванне дамовы па факце азначае гібель кампаніі. На жаль, учора мы прайгралі апеляцыйны суд. Мы прынялі рашэнне, што далейшая барацьба не адпавядае тым мэтам, дзеля якіх ствараўся гэты праект. Мы стваралі яго дзеля таго, каб дарыць вам эмоцыі і смачны, якасны прадукт. Менавіта гэтаму мы хочам прысвячаць свае сілы і надалей», — гаворыцца ў допісе.