Пад Мінскам пачалося нашэсце жукоў
3- 20.06.2026, 16:09
- 2,522
Навукоўцы патлумачылі, чаму шкоднікаў стала так шмат.
У Мінскай вобласці з канца мая жыхары скардзяцца на незвычайна вялікую колькасць жукоў, якія знішчаюць расліны і запаўзаюць да дамоў.
У адным з відэа ў TikTok жыхарка Дзяржынскага раёна расказала, што насякомыя абляпляюць сцены дамоў і спрабуюць прабрацца ўнутр. Жанчына дапусціла, што іх нашэсце можа быць звязана з апрацоўкай суседніх палёў.
Аднак спецыялісты называюць іншую прычыну. Гэтыя насякомыя — лістовы люцэрнавы доўганосік. Паводле слоў беларускіх навукоўцаў, іх актыўнасць у гэтым сезоне, найхутчэй, звязана з анамальна снежнай зімой. З-за добрага снежнага покрыву шкоднікі змаглі паспяхова перажыць маразы.
«Быў добры снежны покрыў, шкоднікі не вымерзлі, выйшлі з зямлі і мігруюць», — расказала на «Беларусь 1» начальніца аддзела Мінскай абласной інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Вікторыя Козак.
@user86166766779621 Вёскі Дабрынёва, Рэчкі, Скварцы Дзяржынскага раёна, Мінскай вобласці пасля апрацоўкі бліжэйшых палёў запаланілі жукі-доўганосікі. Шкоднікі на сваім шляху знішчаюць клубніку, маліну, ажыну, кветкі. Таксама абляпілі сцены дамоў і лезуць унутр. Жыхары бяссільныя ў іх знішчэнні, бо ўсе прэпараты малаэфектыўныя. А вінаватыя «свята», з чых палёў прыйшлі гэтыя твары, разводзяць рукамі і кажуць спраўляцца самім. Паводле слоў дасведчаных аграрыяў, у РБ атруты ад іх няма.
♬ original sound - Shopsprint
Паводле яе слоў, дачнікам варта выкарыстоўваць прэпараты, зарэгістраваныя ў дзяржаўным рэестры сродкаў аховы раслін і ўгнаенняў. Таксама спецыялісты раяць ужываць глыбокую ўзворку: так жукоў можна загнаць глыбей у глебу і знізіць верагоднасць іх з’яўлення на паверхні.
Цыкл развіцця новых пакаленняў у гэтага віду цягнецца два гады. Бліжэй да жніўня з лялечак з’явяцца маладыя жукі, але яны застануцца ў глебе да красавіка — пачатку траўня наступнага года.
Спецыялісты таксама не пацвярджаюць версію, што жукі маглі мігрыраваць з суседніх рапсавых палёў праз апрацоўку хімікатамі. Паводле іх слоў, лістовы люцэрнавы доўганосік не цікавіцца рапсам, а сілкуецца бабовымі культурамі.