Іран зноў закрыў Армузскі праліў
6- 20.06.2026, 16:47
- 1,892
У Тэгеране заявілі, што ЗША парушылі пагадненне аб спыненні вайны.
Цэнтральны штаб узброеных сіл Ірана «Хатам аль-Анбія» заявіў, што Армузскі праліў будзе закрыты для праходу суднаў. Прычына — парушэнне з боку ЗША мірнага пагаднення і парушэнне Ізраілем рэжыму спынення агню, піша агенцтва Mehr.
— Гэты крок з'яўляецца першым этапам адказу на парушэнне дамоўленасцяў ворагам, і ў выпадку працягу агрэсіі будуць спланаваныя і ажыццёўленыя наступныя крокі дзеля прымушэння праціўніка да выканання сваіх абавязкаў, — гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, 18 чэрвеня ЗША і Іран падпісалі мірнае пагадненне. Меморандум аб узаемаразуменні тэрмінам на 60 дзён прадугледжвае спыненне баявых дзеянняў на ўсіх фронтах, уключаючы Ліван, зняцце санкцый з Тэгерана і стварэнне фонду аднаўлення Ірана. Пагадненне працягвае перамір'е, абвешчанае ў красавіку, яшчэ на 60 дзён, каб дазволіць бакам дамовіцца аб канчатковым перамір'і.
І прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, і члены яго каманды падкрэсліваюць, што пакуль гэта толькі мемарандум, і яго палажэнні будуць выконвацца толькі калі Іран «будзе добра сябе паводзіць». Трамп у чарговы раз не выключыў новыя бамбардзіроўкі Ірана, калі канчатковае пагадненне не будзе дасягнута на працягу двухмесячнага перыяду.