Прычасную да рэпрэсій суддзю з Оршы знялі з пасады
6- 23.06.2026, 9:56
- 4,272
За «праступак, несумяшчальны з дзяржслужбай».
Суддзю суда Аршанскага раёна і Оршы Інну Кохаву вызвалілі з пасады за «ўчыненне праступку, несумяшчальнага са знаходжаннем на дзяржаўнай грамадзянскай службе». Гэта вынікае з указа Аляксандра Лукашэнкі ад 22 чэрвеня, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша «Зеркало».
Гэтым жа ўказам Лукашэнка прызначыў шэраг суддзяў і вызваліў з пасад больш за дзесяць чалавек. Большасць з іх пайшла ў адстаўку, некалькі — па ўласным жаданні або ў сувязі са сканчаннем тэрміну паўнамоцтваў. Кохава стала адзінай з суддзяў, якую знялі менавіта на падставе праступку, несумяшчальнага з дзяржаўнай службай.
Прычыны такога рашэння ў указе не ўдакладняюцца.
Паводле даных праваабарончага праекта Dissidentby, у час, калі яна была суддзёй, Інна Кохава выносіла палітычна матываваныя рашэнні. У базе праекта пазначана, што яна датычная як мінімум да 24 спраў, па якіх прызначаліся штрафы і адміністрацыйныя арышты.
У прыватнасці, Кохава вынесла прысуд Аляксандру Нестэраву па крымінальнай справе аб абразе прадстаўніка ўлады. Яму прызначылі 2,5 года абмежавання свабоды з накіраваннем у ўстанову адкрытага тыпу. Таксама, паводле праваабаронцаў, яна прызначыла Міхаілу Чамуруку 12 сутак адміністрацыйнага арышту за «кармленне галубоў» у Оршы 10 мая 2020 года.