Заявы Трампа і Ірана разыходзяцца
3- 24.06.2026, 8:35
- 1,836
Па цэлым шэрагу пунктаў.
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп і прадстаўнікі Ірана па-рознаму трактуюць шэраг палажэнняў, якія павінны быць канчаткова ўзгодненыя на аснове раней падпісанага мемарандума аб узаемаразуменні.
Пра гэта паведамляе CNN.
Дональд Трамп сцвярджае, што іранскі бок нібыта згадзіўся на пастаянныя маштабныя інспекцыі, прызначаныя гарантаваць, што Тэгеран не займаецца распрацоўкай ядзернай зброі.
«Іран цалкам і ў поўнай меры згадзіўся на ядзерныя інспекцыі найвышэйшага ўзроўню на доўгі час у будучыні (бясконца!)... Гэта забяспечыць „ядзерную сумленнасць“. Калі б яны гэтага не зрабілі, далейшых перамоваў не было б», — заявіў Трамп у аўторак у сваёй сацсетцы Truth Social.
Раней віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс казаў, што Іран згадзіўся дапусціць інспектараў МАГАТЭ на свае аб’екты.
У той жа час іранскі бок заяўляе, што супрацоўніцтва з МАГАТЭ будзе працягвацца «згодна з бягучымі працэдурамі».
Прадстаўнік МЗС Ірана Эсмаіль Багхаеі заявіў, што Тэгеран не даваў згоды на допуск інспектараў да пашкоджаных ядзерных аб’ектаў і не браў на сябе новых абавязацельстваў.
Таксама разыходзяцца пазіцыі бакоў адносна выкарыстання размарожаных актываў Ірана. Прадстаўнікі адміністрацыі Трампа заяўляюць, што абмяркоўваецца план, згодна з якім ЗША і Катар будуць узгадняць напрамкі выдаткавання сродкаў, а асаблівая ўвага нібыта будзе нададзена набыццю прадукцыі амерыканскіх фермераў.
У той жа час пасол Ірана пры ААН у аўторак абверг гэтую інфармацыю і падкрэсліў, што «Іран — адзіная краіна, якая будзе вырашаць, што рабіць са сваімі актывамі».
Супярэчнасці захоўваюцца і ў пытанні праходу суднаў праз Армузскі праліў. У мемарандуме замацавана толькі тое, што бяспошлінны транзіт будзе дзейнічаць на працягу 60 дзён.
Трамп сцвярджае, што праход праз стратэгічна важны праліў застанецца бясплатным і пасля завяршэння гэтага перыяду на пастаяннай аснове і што з гэтай нагоды «ёсць дамоўленасць».
Іран такіх заяў не пацвярджае. Пры гэтым паступаюць сігналы, што Тэгеран разглядае магчымасць спагнання пэўных плацяжоў з суднаў, якія праходзяць.