«У Беларусі могуць увесці лімітаваны адпуск бензіну»
6- 3.06.2026, 16:03
- 3,168
Эксперт папярэдзіў пра набліжэнне паліўнага крызісу.
З восені 2025 года Беларусь стала актыўным гульцом на расійскім рынку паліва, адзначыў расійскі эканамічны аглядальнік Вячаслаў Шыр'яеў на Malanka Media.
Тады беларускія пастаўкі часткова кампенсавалі дэфіцыт, што ўзнік з-за удараў Украіны па расійскіх НПЗ. Але тое, што было тады, не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, што мы бачым сёння.
— З такім масіраваным сістэмным падыходам, які насамрэч рэалізуецца паводле плану і прадугледжвае не толькі вывад з ладу НПЗ, але і дыспетчарскія пункты, насосныя станцыі і іншыя прылады, якія дапамагаюць перакачваць нафту і нафтапрадукты.
Гэта сістэмная праца, якая ўжо ўвенчалася значнымі поспехамі для Украіны, бо ў Расіі на дадзены момант адсутнічае прыкладна палова магутнасцяў па вытворчасці бензіну, відавочны рэзкі рост дэфіцыту як бензіну, так і дызелю.
Беларусь, паводле слоў спецыяліста, закрывае зусім невялікі аб'ём неабходных паставак для РФ, пры гэтым яна аказваецца не толькі ў эканамічна нявыгадным становішчы, але і ў небяспечным.
— Гэта 24 тысячы тон у месяц, пры тым, што Расія спажывае 100 тысяч тон у суткі. То-бок Беларусь можа часткова перакрываць нейкія пікавыя значэнні попыту, але сістэмна замяніць выбылыя заводы на доўгі тэрмін Беларусь не здольная.
Два беларускія НПЗ, Мазырскі і Наваполацкі, арыентаваныя на экспарт. Прадаваць па ўнутрырасійскіх цэнах на расійскі рынак Беларусі нявыгадна. І Лукашэнка з усіх сіл супраціўляецца, але яму выкручваюць рукі, змушаючы даваць дадатковыя аб'ёмы.
Наколькі я разумею, ён спасылаецца на небяспеку маршрутаў. А ўсе шляхі з Беларусі ў цэнтральныя рэгіёны Расіі і сапраўды знаходзяцца пад агнявым кантролем Украіны. І яна відавочна мае намер перакрыць гэтыя рэзервовыя пастаўкі, бо ўжо прыляталі дроны і па Смаленскай вобласці.
І, напрыклад, разбурэнне якой-небудзь вузлавой станцыі, дзе будзе знаходзіцца састаў з цыстэрнамі, стане вялікім аргументам для Лукашэнкі не адпраўляць паліва ў Расію.
Туды яго адпраўляюць або аўтацыстэрнамі, або па чыгунцы. І чыгуначны маршрут найбольш уразлівы, бо гэтыя саставы даволі працяглыя.
Мяркую, што пагроза Кіева «знішчыць 500 мэтаў на тэрыторыі Беларусі» ў выпадку нападу на Украіну з боку Беларусі, у першую чаргу, адрасаваная тым, хто займаецца нафтаперапрацоўкай і адказвае за яе.
Не думаю, што Беларусі або Лукашэнку дазволяць зарабіць на розніцы ў цэнах. Бо немагчыма рыначнае вызначэнне цаны — цэны рэгулююцца Крэмлём. Як вы можаце зарабіць, калі вас змушаюць прадаваць з абмежаваннямі па росце кошту, нягледзячы на ажыятажны попыт?
Беларусь таксама, паводле слоў Шыр'яева, закрануць праблемы з палівам, асабліва з улікам колькасці расіян, што прыязджаюць.
— Цэны наўрад ці павысяцца, бо дзяржаўнае рэгуляванне цэн на бензін у Беларусі яшчэ больш жорсткае, чым у Расіі. А вось прывесці да абмежавання аб'ёмаў адпуску такі наплыў старонніх пакупнікоў цалкам можа.
І я чакаю гэтых абмежаванняў ужо ў бліжэйшыя дні, магчыма, ужо на наступным тыдні ў Беларусі пачнуць уводзіць лімітаваны адпуск бензіну, бо калі гэтага не зрабіць, з Беларусі проста вывезуць увесь бензін.
У самой Расіі, паводле прагнозаў эксперта, да канца чэрвеня сітуацыя з бензінам стане катастрафічнай.
— Тое, што насамрэч адбываецца з попытам на бензін, мы бачым па росце цэн і ў Крыме, і ў іншых рэгіёнах Расіі. Наступны этап — гэта продаж паліва па талонах. Тое, што ў Крыме ўжо стала рэчаіснасцю, рана ці позна дабярэцца і да іншых рэгіёнаў Расіі.
Частка заправаў будзе закрывацца, таму што там проста не будзе бензіну. Плюс — абмежаванне выдачы ў адныя рукі. Далей, як сказаў, — талоны.
І абодва гэтыя этапы будуць суправаджацца рэзкім зніжэннем якасці той субстанцыі, якую людзі будуць заліваць у бакі. Ужо 20–30% бензіну — гэта, па сутнасці, «барматуха», якая будзе забіваць рухавікі.
Паўтару, гэта толькі пачатак крызісу. Мы цяпер знаходзімся на ранняй стадыі, бо Украіна яшчэ не нанесла некалькі смяротных удараў, якіх усе чакаюць, напрыклад, па Павельцоўскай нафтабазе або па нафтаперапрацоўчых заводах Башкірыі.
Пасля гэтых удараў пойдзе проста сістэмнае дабіванне таго, што аднаўляецца пасля рамонту. І бліжэй да канца чэрвеня, калі сітуацыя з ударамі Украіны не зменіцца, наступіць параліч рынку паліва.