Банкі Беларусі масава змянілі стаўкі крэдытаў на нерухомасць
- 3.06.2026, 20:38
Якія цяпер умовы і што з пераплатамі.
У чэрвені Нацбанк прыняў адразу два рашэнні, якія наўпрост уплываюць на працэнты па крэдытах на нерухомасць і аўтамабілі. Рэгулятар знізіў верхнюю мяжу для ставак па такіх крэдытах, а таксама стаўку рэфінансавання. Услед за гэтым банкі пачалі зніжаць працэнты па крэдытах на нерухомасць, паведамляе «Зеркало».
Як змяніліся стаўкі ў банках
«Тэхнабанк» панізіў працэнты па крэдыце «Мілы дом» з 16,4% да 15,4% гадавых.
«МТБанк», дзе ў сярэдзіне вясны паслугу прапаноўвалі пад 16,65%, таксама змяніў умовы. Там можна ўзяць крэдыт на куплю нерухомасці ў забудоўшчыка пад 16,254%.
У «Белгазпрамбанка» новая стаўка — 15,9% (першыя паўгода — 13,5%).
«Прыёрбанк» знізіў стаўку з 18% да 15,5% (першыя паўтара года — 13,5%).
«Белаграпрамбанк» прапануе крэдыт на куплю жылля пад 16,25% (першыя паўгода — 14,5%), а на будаўніцтва — пад 15,4% (12,9% — першыя тры гады).

У «Беларусбанка» крэдыт «Іпатэка Экспрэс» пры куплі жылля ў насельніцтва або кампаніі будзе пад 16,4%. Для параўнання: у красавіку яго выдавалі пад 18,25% гадавых. Калі браць жыллё ў дэвелапера, то выйдзе танней — 15,4%.
«Белінвестбанк» прапануе крэдыты на куплю жылля пад 15,77%, а ў забудоўшчыка — пад 15,27%.
Разлікі калькулятара «Беларусбанка» паказваюць, што для крэдыту «Іпатэка Экспрэс» на 100 тыс. рублёў на агульных умовах трэба зарабляць прынамсі 2550 рублёў у месяц. У красавіку патрабаваная сума была адчувальна вышэйшая — 3878,48 рублёў. Пры гэтым штомесячны плацёж складзе 1785 рублёў (было 1939,24).
За ўвесь перыяд карыстання банкаўскімі сродкамі пераплаты дасягнуць 164 тыс. рублёў. Гэта без уліку асноўнай сумы доўгу.
На сайце «МТБанка» разлікі паказваюць, што пры такой жа суме крэдыту давядзецца плаціць у льготны перыяд 459,91 рублёў, а потым — па 1356,16 у месяц.

Якую суму можна атрымаць, маючы сярэдні заробак
У красавіку сярэдні заробак у Беларусі склаў 2952,9 рублёў. Гэта каля 2540 рублёў на рукі — пасля ўтрымання падаходнага падатку (13%) і абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны (1% з заробкаў работнікаў).
Калі пастарацца і траціць у месяц толькі 1 тыс. рублёў, то максімальная сума, якую можна атрымаць, згодна з разлікамі калькулятара «Белаграпрамбанка», — 58 008,19 рублёў.
Калі ж дапусціць, што сям'я можа адкладаць увесь сярэдні заробак і жыць на іншыя сродкі, тады разлік больш аптымістычны. У гэтым выпадку ёсць шанец атрымаць больш за 100 тыс. рублёў. А аддаваць банку кожны месяц давядзецца па 2010,42 рублёў.
