У Даніі прадставілі склад новага ўрада
- 3.06.2026, 21:11
ФОТА: ВІТАЛІЙ НОСАЧ, РБК-УКРАІНА
Урад узначаліла Мэтэ Фрэдэрыксэн.
У Даніі афіцыйна прадставілі склад новага ўрада на чале з прэм’ер-міністрам Мэтэ Фрэдэрыксэн, якая будзе займаць гэтую пасаду ўжо трэці тэрмін запар.
Пра гэта ў сераду, 3 чэрвеня, паведамляе выданне The Guardian. Абвяшчэнне кааліцыйнай дамовы паміж Сацыял-дэмакратамі, Сацыял-ліберальнай партыяй, Сацыялістычнай народнай партыяй і цэнтрысцкай партыяй «Умераныя» паклала канец двум месяцам палітычнай нявызначанасці пасля сакавіцкіх парламенцкіх выбараў. Колькасць міністэрстваў у новым кабінеце скарацілі з 25 да 21, пры гэтым упершыню ў гісторыі краіны большасць партфеляў атрымалі жанчыны — 11 з 21 пасады.
Ключавыя для Украіны ведамствы ўзначалілі палітыкі, арыентаваныя на працяг падтрымкі Кіева. Пасаду міністра замежных спраў захаваў за сабой лідар партыі «Умераныя» Ларс Лёкэ Расмусэн. Міністэрства абароны ўзначаліць прадстаўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі Епэ Брус Крыстэнсэн, які раней узначальваў міністэрствы па падаткаабкладанні і зялёным пераходзе.
Дзейны прэм’ер Мэтэ Фрэдэрыксэн таксама вядомая сваёй паслядоўнай і жорсткай пазіцыяй адносна усебаковай вайсковай дапамогі Украіне.
Новая ўрадавая праграма Даніі будзе сканцэнтраваная на пераадоленні крызісу кошту жыцця шляхам двукратнага зніжэння ПДВ на прадукты харчавання, скасавання падатку на садавіну і гародніну, а таксама ўвядзення бясплатнага грамадскага транспарту для моладзі да 22 гадоў.
У той жа час урад паабяцаў узмацняць нацыянальную абарону і супраціўляцца ціску ЗША адносна кантролю над Грэнландыяй, на якім з меркаванняў амерыканскай бяспекі настойвае Дональд Трамп. Таксама Данія будзе працягваць прытрымлівацца жорсткай міграцыйнай палітыкі і плануе дэпартаваць больш замежных злачынцаў.