The Independent: Пуцін паводзіць сябе ўсё больш дзіўна
12- 7.06.2026, 11:40
- 4,814
Эксперты заявілі пра відавочнае пагаршэнне псіхічнага і фізічнага стану расійскага дыктатара.
На эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу Уладзімір Пуцін выглядаў хворым і адутлаватым, пры гэтым яго заявы пра вайну ва Украіне былі далёкія ад праўды і даволі дзікія, з улікам бягучай сітуацыі на полі бою.
Як піша The Independent, Пуцін заяўіў, што Расія перамагае на полі бою ва Украіне, а бізнес і эканоміка квітнеюць як унутры краіны, так і за мяжой. Ён таксама сцвярджаў, што вайну можна і трэба выйграць, і што Расія хоча атрымаць часткі чатырох абласцей Украіны, якія ягоным войскам не ўдалося цалкам захапіць.
Як адзначае выданне, Пуцін пераймае Трампу ў сваёй растучай непрадказальнасці, і гэта робіць яго ўсё больш небяспечным. Як адзначыла радніца прэзідэнтаў ЗША па Расіі Фіёна Хіл, Пуцін становіцца «дзіўнейшым», але яго не варта спісваць з рахункаў.
Адсутнасць прагрэсу ва Украіне падштурхоўвае Пуціна да новых дзеянняў і правакацый. Цяпер ён падае Еўропу як галоўнага агента Зяленскага — расійскія дзяржаўныя СМІ абвінавачваюць еўрапейскіх вайскоўцаў і прамысловасць у забеспячэнні флотамі беспілотнікаў, што падтрымліваюць украінскую ваенную машыну.
«Гэта павышае рызыку інсцэніроўкі Расіяй «аперацый пад фальшывым сцягам» для апраўдання распаўсюджвання вайны на Беларусь і далей у краіны Балтыі і Усходнія Балканы, што азначала б напад на партнёраў па НАТА. Існуюць асцярогі наконт інсцэніраваных «аварый» на атамных электрастанцыях — а ў Чарнобылі, дзе ў 1986 годзе адбылася найбуйнейшая грамадзянская ядзерная аварыя сучаснасці, і ў Запарожжы апошнім часам адбываліся ваенныя дзеянні», — прагназуе The Independent.
Выданне адзначае, што, хоць Пуцін усё яшчэ пры ўладзе, кола ягоных дарадцаў і ідэолагаў звужаецца і старэе. Да таго ж яны не распрацавалі ніякай формулы для перамогі ў вайне, дасягнення перамір'я або пагаднення:
«Па меры таго як расійскае кіраўніцтва апынаецца ў псіхалагічным тупіку, узрастае рызыка таго, што яно звернецца да старых прыёмаў — хімічнай і біялагічнай зброі».
Пітэр Франкопан, прафесар сусветнай гісторыі ў Оксфардзе, выказаў здагадку, што крах рэжыму Пуціна будзе азначаць анархію на абшарах Усходняй Расіі — дзе, паводле яго слоў, «знаходзяцца арсеналы сапраўды жудасных рэчаў — і хто ведае, што адбудзецца», калі яны апынуцца на волі.
Найбольшую заклапочанасць павінны выклікаць жудасныя чалавечыя страты з абодвух бакоў. Такая сітуацыя не можа цягнуцца доўга — і, верагодна, Пуцін гэта разумее: яшчэ адна падстава для непакою адносна яго псіхічнага стану і палітычнай дзеездольнасці, адзначаецца ў артыкуле.
«Я падазраю, што менавіта трывожна відавочнае пагаршэнне псіхічнага і фізічнага стану расійскага лідара паслужыла падставай для папярэджання кіраўніка брытанскіх узброеных сіл пра тое, што цяпер мы знаходзімся ў большай небяспецы, чым калі-небудзь за ўсё яго жыццё», — піша аглядальнік The Independent Роберт Фокс.