7 чэрвеня 2026, Нядзеля, 23:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль прайграе вырашальную бітву

Крэмль прайграе вырашальную бітву

Расія непазбежна сыдзе з Паўднёвага Каўказа.

7 чэрвеня — магчыма, адзін з самых важных дзён для будучыні таго, што засталося ад постсавецкай прасторы. Здавалася б, трывіяльныя парламенцкія выбары ў Арменіі Крэмль ператварыў у сапраўдную бітву — з пагрозамі, забаронай на прадукты і дэсантам расійскіх жыхароў з армянскімі пашпартамі дзеля падтрымкі партыі расійскага бізнесмена без армянскага пашпарта. Проста поўны трэш — але ў Пуціна так заўсёды!

Аднак, калі ўважліва паглядзець на гістарычны кантэкст, стане відавочна, наколькі важны для гаспадара Крамля кантроль над Паўднёвым Каўказам. З нашай памяці яксьці сцерлася, што падзеі ў Савецкім Саюзе, калі гаварыць пра грамадскія рухі ў саюзных рэспубліках, насамрэч пачыналіся не з Літвы, а з Арменіі. З камітэта «Карабах». І вось што важна: КДБ з радасцю выкарыстоўваў настроі, якія тады панавалі ў грамадстве, пачуццё несправядлівасці ў сувязі з тым, што тэрыторыя з армянскай большасцю ўваходзіць у склад Азербайджана, і што нехта звонку хоча змяняць тэрыторыю Азербайджана для таго, каб літаральна сутыкаць народы лбамі і такім чынам будаваць ідэальную пастку і для азербайджанцаў, і для армянаў — а да таго ж спрыяць дэстабілізацыі сітуацыі ў Савецкім Саюзе і дэманстраваць неэфектыўнасць і бяспомачнасць партыйнага кіраўніцтва.

Калі камуністычная імперыя канчаткова развалілася, і людзі з КДБ (цяпер ФСБ) пачалі падбірацца да ўлады ў Расіі, дзверы каўказскай мышалоўкі заставаліся моцна зачыненымі. Больш за тое — калі новы прэзідэнт Азербайджана Гейдар Аліеў, сам былы старшыня КДБ Азербайджанскай ССР, зрабіў спробу вырвацца і дамовіцца са сваім армянскім калегам Левонам Тэр-Петрасянам, былым старшынём камітэта «Карабах», Крэмль арганізаваў ваенны пераварот у Арменіі і перадаў уладу свайму стаўленіку і былому прэзідэнту самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Роберту Качаряну. Па сутнасці, у Арменіі тады адбылося тое, што ў 1994 годзе здарылася ва Украіне, — толькі Качарян быў не Кучмой, а хутчэй адразу Мядзведчуком.

Але не Януковічам. Калі працягваць гэтыя паралелі, Януковічам быў пераемнік Качаряна Серж Саргсян, які спрабаваў сябраваць з Масквой, але адначасова атрымліваць грошы на Захадзе. Пуцін практычна адначасова дамогся і ад Саргсяна, і ад Януковіча адмовы ад Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам. Януковіч страціў уладу цягам некалькіх наступных месяцаў. На армянскае грамадства адмова ад еўрапейскай асацыяцыі такога ўражання не зрабіла. Аднак пазбаўлены магчымасці манеўру Саргсян усё больш ператвараўся ў драбязковага правінцыйнага дыктатара — і страціў уладу праз чатыры гады пасля Януковіча ў выніку сапраўднай рэвалюцыі. Можна сказаць, што ў Арменіі «эфект Зяленскага» тады спрацаваў за год да Зяленскага — бо з усіх постсавецкіх лідараў Зяленскі паводле тыпажу і стылю больш за ўсё падобны да былога журналіста Нікала Пашыняна.

Праўда, Пуцін у гэтай сітуацыі заставаўся Пуціным без перамен. Расійскі дыктатар пачаў помсціць армянам так жа, як да гэтага помсціў украінцам, і заняў нібыта падкрэслена нейтральную пазіцыю ў другой карабахскай вайне, што асудзіла разрабаваную двума прарасійскімі рэжымамі Арменію на паразу. Але, як і ў выпадку з Украінай, пуцінская помста прывяла да процілеглага выніку — яна адкрыла армянам вочы на Расію так, як яна адкрыла іх украінцам. Нават тыя з армянаў, хто лічыць, што сувязі з Масквой трэба падтрымліваць, адстойваюць гэтую ідэю не з любові, а з безвыходнасці і страху перад суседзямі. І Пашынян, які яшчэ канчаткова не пасварыўся з Пуціным, але ўжо шукае іншых сяброў і стварае ўмовы для міру (хоць і прахалоднага) з нядаўнімі ворагамі, выглядае для многіх проста ўзорам здаровага сэнсу.

Таму Крэмль сёння вядзе ў Арменіі бітву, асуджаную на паразу. Галоўным элементам яго шантажу была зусім не вада «Джэрмук» і не армянскі каньяк, а кантроль над Карабахам, які канчаткова адноўлены Азербайджанам. Так, цаной трагедыі тысяч людзей, вымушаных пакінуць родныя мясціны, — але расіяне дзесяцігоддзямі рабілі ўсё магчымае, каб давесці справу менавіта да такой бяды.

Калі Масква страціць кантроль над Арменіяй (а яна страціць), то яна пазбавіцца і кантролю над Каўказам. Бальшавікі недарэмна вярнуліся ў гэты рэгіён сто гадоў таму: яны хацелі не проста трымаць у руках армянаў, азербайджанцаў і грузінаў, але і пры магчымасці шантажаваць Турцыю і Іран, пазней нават часткова акупаваныя Савецкім Саюзам. Масква невыпадкова пачала дэстабілізаваць Каўказ у 1990-я, падбухторваць народы. Ёй трэба было, каб менавіта Расія — галоўны дэстабілізатар гэтага рэгіёну — здавалася тут галоўным «стабілізатарам». Не кажучы ўжо пра тую непрыхаваную пагарду, з якой самаабвешчаныя каланізатары ставіліся да старажытных вялікіх цывілізацый — для мяне наогул загадка, як армяне або грузіны маглі ўсё гэта стагоддзямі цярпець: ці то безвыходнасць, ці то нейкі гіпноз.

Але цяпер пастка амаль зруйнаваная. Расія непазбежна сыдзе з Паўднёвага Каўказа — на гэты раз назаўжды. І я вельмі спадзяюся, што ў будучыні нам скажуць за гэта словы падзякі.

Бо калі б не ўкраінскі супраціў, невядома, колькі гадоў Расія трымала б Каўказ за горла.

Віталь Портнікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках