Ці можа ў Беларусі скончыцца бензін
1- Telegram-канал «Лісты да дачкі»
- 10.07.2026, 7:40
- 4,066
З бульбай летась таксама ўсё так пачыналася.
Учора тэлевізар вырашыў распавесці, што ў Беларусі з бензінам праблем няма. Што ніхто ніякіх ажыятажных чэргаў тут не стварае. Што бензіну
хапае, хапала і будзе хапаць. Таму, самае галоўнае, запасаць бензін не трэба. Бо калі ўсе пачнуць запасаць, тады бензіну на ўсіх не хопіць.
Увогуле, мы з табой і без тэлевізара ведалі, што ў Беларусі праблем з бензінам няма. Ніхто ні на якія праблемы з бензінам у Беларусі пакуль, здаецца, не скардзіўся. Але пасля таго, як яны пачалі супакойваць адразу ва ўсіх тэлевізарах, мне стала, ведаеш, нейк трошкі трывожна за бензін.
Тым больш што некаторыя тэлевізары заадно вырашылі супакоіць і наконт бензіну ў Расіі. Відаць, каб двойчы не ўставаць. Патлумачылі, што бензін у Расіі ёсць, а дэфіцыту бензіну, наадварот, няма. Што «гэта ўсё штучна нагнятаецца» варожымі фэйкамі.
А тэлевізары ж дарма супакойваць не будуць. З бульбай летась яно таксама так пачыналася. Спачатку тэлевізары супакойвалі, што бульбы ўсім хопіць. Паказвалі, што бульбы ў нас процьма. Казалі, што нам гэтай бульбы проста няма куды дзеваць. А потым бульба кудысьці падзелася.
Таму я і падумаў, што, можа, яны ў сябе ў тэлевізары і пра бензін нешта ведаюць, пра што мы з табой пакуль не ў курсе? Можа, бензін — гэта новая бульба?
Хаця, калі б тэлевізары не пачалі супакойваць, дык я б за беларускі бензін нават і не перажываў. Бо бензіну ў нас шмат, і калі разважаць цвяроза, то, здаецца, яму няма дзе скончыцца. Але, з іншага боку, хто мог падумаць, што ў Беларусі можа скончыцца бульба. А яна скончылася.
Вось за 25 дзён чэрвеня Беларусь прадала ў Расію 140 тысяч тон бензіну. З улікам летніх патрэбаў гэта яшчэ не максімум, але ўжо блізка да таго, колькі Беларусь у прынцыпе можа прадаваць у Расію без шкоды для ўласнай паліўнай бяспекі. То бок калі прадаваць столькі або нават трошкі болей, то ніякай шкоды бяспецы не будзе. Бензіну ўсім хопіць.
Але ёсць жа нюанс. Калі хто пачуе капейку, ён ужо цвяроза разважаць не ўмее. Бо гэтыя капеечкі, якія можна зарабіць, пачынаюць ціснуць на цэнтры прыняцця рашэнняў. А на бензіне цяпер можна зарабіць такую капейчыну, якая бульбе нават і не снілася.
Таму, можа, і не дарма тэлевізары пачалі распавядаць, што праблем з бензінам у Беларусі няма, не было і не будзе. Можа, гэта яны проста выконваюць сваю сацыяльную функцыю інфармавання насельніцтва?
І добра, што насельніцтва беларускіх тэлевізараў не чытае. Бо калі б насельніцтва ўбачыла ў тэлевізарах, што ніякіх праблем з бензінам у Беларусі няма, то гэтыя праблемы дакладна б пачаліся. Такая ўжо чароўная ўласцівасць у беларускага тэлевізара.
Telegram-канал «Лісты да дачкі»