Здаецца, чмялі ўмеюць выказваць эмоцыі
- 10.07.2026, 12:01
Паводзіны гэтых насякомых куды больш складаныя, чым меркавалася раней.
Напрыклад, ужо вядома, што яны маюць добрае пачуццё рытму. Пры гэтым разабрацца ў эмоцыях насякомых значна складаней: урэшце, у іх няма такой рухомай тваравой мускулатуры, падобнай да тваравых цягліц млекакормячых, піша «Нож».
Міжнародная група вучоных вырашыла правесці эксперымент над землянымі чмялямі (Bombus terrestris). Каманда хацела зразумець, як насякомыя адрэагуюць на розныя пачастункі: на кроплю салодкай вады і на кроплю салёнай вады з хінинам. Падчас «дэгустацыі» Bombus terrestris здымалі на камеру з высокай раздзяляльнай здольнасцю.
«Ці маюць чмялі нейкі ўнутраны свет?» — задаўся пытаннем Эндру Бэррон, сааўтар даследавання з Універсітэта Маккуоры ў Сіднэі (Аўстралія).
Чмялі высунулі свае пухнатыя хабаткі адразу пасля таго, як паспрабавалі салодкую вадкасць. На салёную ваду насякомыя адрэагавалі інакш: паківалі галовамі і паспрабавалі ачысціць рот.
Далей вучоныя ўскладнілі ўмовы эксперыменту. Гэтым разам яны разбавілі салодкую вадкасць невялікай колькасцю солі, што прывяло да значнага скарачэння выпадкаў выпінання хабатка. На апошнім этапе чмялям увялі дофамін — гармон, які ўплывае, у тым ліку, на матывацыю да пошуку ежы, — і далі ім тыя ж пачастункі.
Вынікі паказалі, што, высоўваючы хабаткі, чмялі не проста падпарадкоўваліся інстынктам, а нібыта ацэньвалі смакавыя якасці вады. Пры гэтым усё яшчэ не зразумела, ці можна з поўнай упэўненасцю назваць іх дзеянні выяўленнем эмоцый.
«Яны ацэньваюць навакольны свет, яны перажываюць з нагоды таго, што адбываецца, а не з'яўляюцца робатамі, што працуюць па алгарытме», — падсумаваў Бэррон.