Украіна можа апярэдзіць ЗША ў вытворчасці ракет для Patriot
- 11.07.2026, 19:39
Амерыканскі кангрэсмен заявіў пра перавагі ўкраінскай абароннай прамысловасці.
Амерыканскія абаронныя падрадчыкі, уключаючы кампанію Lockheed Martin, зацікаўленыя ў тым, каб Украіна магла вырабляць ракеты-перахопнікі для сістэм Patriot. Пра гэта заявіў сябра Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў ад штата Тэхас Майкл Маккол, піша Bloomberg.
«Я лічу, што гэта ў іх інтарэсах па цэлым шэрагу прычын. Калі прэзідэнт хоча, каб гэта было зроблена, ім выгадна выканаць яго просьбу», — сказаў чыноўнік.
У агенцтве нагадалі, што падчас сустрэчы ў рамках саміту НАТА ў Анкары прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў свайму ўкраінскаму калегу Уладзіміру Зяленскаму, што Вашынгтон можа прадаставіць Кіеву ліцэнзію на вытворчасць ракет для сістэм Patriot.
Журналісты адзначылі, што Маккол зрабіў гэтую заяву падчас знаходжання ва Украіне, дзе, паводле яго слоў, украінскія ваенныя чыноўнікі праінфармавалі яго пра тэхналогіі вытворчасці айчынных беспілотнікаў і поспехі Узброеных Сіл Украіны ў вызваленні тэрыторый, акупаваных Расіяй.
«Я думаю, што ўкраінцы могуць ствараць гэта хутчэй, а можа, нават лепш. Так што Lockheed магла б павучыцца ў украінцаў адносна ўласных ракет-перахопнікаў — як іх удасканаліць, як вырабляць іх хутчэй», — дадаў чыноўнік, маючы на ўвазе ракеты для Patriot.