Воблакі з камянёў і дзіўны акіян: што хаваюць самыя загадкавыя планеты Млечнага Шляху
- 14.07.2026, 11:42
Астраномы апублікавалі новае даследаванне.
Аднымі з самых распаўсюджаных планет у Млечным Шляху з'яўляюцца субнептуны. Гэта камяністыя светы, якія большыя за Зямлю, але меншыя за Нептун. Новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе Astrophysical Journal Letters, набліжае астранамоў да адказу на пытанне, з чаго складаюцца гэтыя загадкавыя светы.
Навукоўцы лічаць, што яны маюць воблакі з выпараных камянёў, а таксама цвёрдую паверхню, пакрытую акіянамі з расплаўленай магмы, піша Space.
Планет класа субнептунаў няма ў Сонечнай сістэме, таму яны застаюцца вялікай загадкай. Лічыцца, што яны маюць камяністае ядро, цвёрдую паверхню і велізарную атмасферу. Яна складаецца з вадароду, але таксама можа ўтрымліваць вялікую колькасць вадзяной пары і арганічных малекул на аснове вугляроду. Раней лічылася, што некаторыя з такіх светаў пакрытыя акіянамі з вады, але новае даследаванне гэта абвяргае.
Астраномы выкарысталі касмічны тэлескоп Уэбб для назірання за некалькімі субнептунамі, каб даведацца больш пра іх агульны склад. Гэтыя планеты павінны быць рэпрэзентатыўнымі для ўсяго класа гэтых загадкавых светаў.
Даследаванне паказвае, што велізарны ціск паміж атмасферай і паверхняй планет можа ператвараць мінералы ў пар, які ўтварае воблакі. Да такіх мінералаў адносяцца аксід алюмінію, жалеза, сілікат магнію, сульфід марганцу, хларыд калію, сульфід натрыю і сульфід цынку.
Мадэляванне паказала, што гэтыя воблакі дапамагаюць утрымліваць цяпло, якое выходзіць з ядра планеты, каля паверхні. Такім чынам тэмпература падымаецца да 1400–2600 градусаў Цэльсія. У выніку горная парода плаўіцца і ўтвараюцца гарачыя акіяны з магмы.
Калі гэтыя даныя правільныя, гэта азначае, што папярэднія здагадкі пра магчымую жыццепрыдатнасць такіх планет — памылковыя. Нават калі мяжа паміж атмасферай і паверхняй планеты недастаткова гарачая для ўтварэння магмы, там усё роўна занадта горача для існавання вадкай вады і тым больш жыцця.
Даследаванні субнептунаў працягваюцца, і астранамы спадзяюцца ўсё ж дакладна вызначыць, што адбываецца на гэтых планетах.