Міністр абароны Венгрыі: Мы зачыняем дзверы перад носам расіян
1- 14.07.2026, 18:13
- 1,868
Будапешт намерваецца аднавіць давер сваіх саюзнікаў.
Міністр абароны Венгрыі Ромулуш Русін-Сенді заявіў, што Будапешт павінен аднавіць давер сваіх саюзнікаў і зачыніць дзверы перад Расіяй.
Пра гэта ён паведаміў падчас панэльнай дыскусіі на канферэнцыі Budapest Energy and Security Talks, перадае Telex.
Міністра спыталі пра цяперашнія прыярытэты ў сферы абароны. Паводле яго слоў, самае важнае — гэта бачанне, аднак для распрацоўкі стратэгіі новым урадам «неабходна ўлічваць інтарэсы і каштоўнасці нацыі і саюзнікаў».
Русін-Сенді падкрэсліў, што інтарэсы Венгрыі супадаюць з інтарэсамі яе саюзнікаў, і давер у адносінах да іх неабходна аднавіць.
Менавіта таму адным з першых крокаў урада сталі выбачэнні перад некаторымі саюзнікамі — напрыклад, перад фіннамі, чый уступ у НАТА зацягваў папярэдні ўрад. Міністр адзначыў, што як вайсковец ён лічыў папярэднюю пазіцыю непрымальнай.
«Мы зачыняем дзверы перад носам расіян», — дадаў ён, згадаўшы таксама, што спецслужбы РФ «спрабавалі зайсці праз чорны ход».
Пры гэтым, як адзначыў Русін-Сенді, урад трымае ў полі зроку не толькі вайну Расіі супраць Украіны, але і канфлікт на Блізкім Усходзе. Міністр кажа, што канфлікты скончацца тады, калі ўрады, арміі і грамадствы захочуць іх спынення.