14 лiпеня 2026, aўторак, 21:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З эфіру дзяржаўнага радыё знікла каталіцкая імша

1
З эфіру дзяржаўнага радыё знікла каталіцкая імша
Фота: tut.by

Вернікі не могуць даведацца прычын.

Першы нацыянальны канал Беларускага дзяржаўнага радыё ўжо тры тыдні не транслюе святую Імшу з мінскага Архікафедральнага касцёла, якая раней гучала кожную нядзелю а 8:15. Вернікі не могуць даведацца прычын і спадзяюцца, што яны тэхнічныя, а трансляцыя адновіцца.

Пра знікненне імшы з эфіру паведамляе партал Katolik.life. Пра праблему распавялі ў сацсетках вернікі, а журналісты праверылі: у нядзелю 12 ліпеня замест імшы ў эфіры сапраўды гучала класічная музыка. Гэта пацвярджае і сайт радыё: у праграме а 8:15 значылася «Каталіцкая пропаведзь», а фактычна выйшла «Тэматычная рубрыка».

Для многіх вернікаў радыётрансляцыя — адзіная магчымасць далучыцца да набажэнства, адзначае выданне. Адна з жанчын распавяла пра ляжачую сваячніцу, якая многія гады моліцца дзякуючы трансляцыі і цяпер перажывае моцны стрэс. Пажылыя людзі часта не маюць гаджэтаў і інтэрнэту, каб глядзець відэатрансляцыі з храмаў. Пры гэтым праваслаўная перадача «Духоўнае слова» на радыё па-ранейшаму гучыць, а каталіцкая — не.

Прыкметна, што ў парафіі Архікафедральнага касцёла пра спыненне трансляцыі не ведалі: службу а 8:15 усе гэтыя тыдні працягвалі праводзіць літаральна да секунды, каб укласціся ў адведзены эфірны час. Даведацца прычыны вернікам не ўдалося: на сайце радыё няма тэлефонаў рэдакцыі, па нумарах з даведнікаў ніхто не адказвае, без адказу засталіся і паведамленні ў сацсетках радыёстанцыі.

У праграме на бягучы тыдзень «Каталіцкая пропаведзь» зноў значыцца ў нядзелю а 8:15 — вернікі спадзяюцца, што на гэты раз імша прагучыць.

Трансляцыю імшы аднавілі на беларускім радыё ў 2021 годзе пасля звароту да ўладаў і кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі тагачаснага Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках