Іспанія дэмантавала апошнюю памежную агароджу ў кантынентальнай Еўропе
- 16.07.2026, 1:53
Іспанія і Гібралтар афіцыйна адмянілі памежны кантроль.
Іспанія і Гібралтар апоўначы 15 ліпеня афіцыйна адмянілі памежны кантроль на сухапутнай мяжы пасля ўступлення ў сілу гістарычнага пагаднення, заключанага напярэдадні ў Бруселі паміж Вялікабрытаніяй, Іспаніяй, Гібралтарам і Еўрапейскім саюзам. Адначасова з увядзеннем новага рэжыму была дэмантавана памежная агароджа, якая раздзяляла тэрыторыі з 1908 года, паведамляе The Guardian.
Пагадненне стала вынікам больш як чатырох гадоў перамоў пасля выхаду Вялікабрытаніі з ЕС. Яно адмяняе памежныя і мытныя праверкі на сухапутнай мяжы, забяспечваючы больш свабоднае перамяшчэнне жыхароў, турыстаў і каля 15 тыс. іспанскіх работнікаў, якія штодня ездзяць на брытанскую заморскую тэрыторыю.
Згодна з новымі правіламі, Іспанія будзе ажыццяўляць шэнгенскі кантроль у порце і аэрапорце Гібралтара. У той жа час улады Гібралтара падкрэслілі, што пагадненне не закранае брытанскі суверэнітэт над тэрыторыяй.
Прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс, які прысутнічаў пры дэмантажы апошняй секцыі агароджы, заявіў, што «апошняя сцяна кантынентальнай Еўропы ўпала», адкрыўшы шлях да «новай эры суіснавання і сумеснага росквіту». Галоўны міністр Гібралтара Фабіян Пікарда таксама назваў дагавор пачаткам новай эпохі, адзначыўшы, што «мяжа, якая так часта раздзяляла наш рэгіён, цяпер стане месцам супрацоўніцтва і сумесных магчымасцяў».
У той жа час Гібралтар дэ-факта стане часткай Шэнгенскай зоны, а пасажыры, што прыбываюць сюды авіярэйсамі з Вялікабрытаніі, будуць праходзіць праверку паводле новай сістэмы ўезду-выезду ЕС з біяметрычнай ідэнтыфікацыяй.
Іспанія даўно дамагаецца вяртання Гібралтара, які перайшоў пад уладу брытанскай кароны паводле Утрэхцкага дагавора 1713 года. Пасля рэферэндуму па Брэксіце ў 2016 годзе Мадрыд прапаноўваў варыянт сумеснага суверэнітэту, аднак Лондан і ўлады Гібралтара адхілілі гэту ідэю. На рэферэндуме 96,6% жыхароў Гібралтара прагаласавалі за захаванне сяброўства ў ЕС.