Расія пачала «персікавую вайну» з Турцыяй
1- 16.07.2026, 23:00
- 1,490
РФ забараняе ўвоз турэцкіх персікаў пасля рашэння Анкары далучыцца да гарантый бяспекі Украіне.
Расія ўводзіць абмежаванні на пастаўкі костачкавых пладоў з Турцыі, паведаміў у чацвер Расельгаснагляд.
Як паведаміла прэс-служба ведамства, пад забарону трапіць прадукцыя — абрыкосы, вішня і чарэшня, персікі і нектарыны — ад пяці турэцкіх прадпрыемстваў. «Рашэнне прынята ў сувязі з сістэматычным выяўленнем каранцiнных для краін — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза аб'ектаў у костачкавай прадукцыі», — заявіў Расельгаснагляд. Якія менавіта арганізмы былі выяўлены ў турэцкіх фруктах, ведамства не ўдакладніла.
Пра сваё рашэнне Расельгаснагляд абвясціў праз некалькі гадзін пасля сустрэчы кіраўніка турэцкага МЗС Хакана Фідана з украінскім калегам Андрэем Сібігам у Кіеве. Па яе выніках Фідан заявіў, што Турцыя гатовая далучыцца да гарантый бяспекі Кіеву і ўзначаліць марскі кампанент гэтых гарантый разам з саюзнікамі па НАТА.
«Мы не хочам, каб вайна перакінулася на Чорнае мора. Абстрэлы партоў, танкераў і рыбалоўных суднаў у Чорным моры, пагроза жыццю мірных жыхароў недапушчальныя», — сказаў Фідан. Ён таксама дадаў, што Анкара нязменна падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і пацвярджае сваю нязменную пазіцыю адносна незаконнай анексіі Крыму.
Цяпер Турцыя не ўваходзіць у лік найбуйнейшых пастаўшчыкоў костачкавых пладоў у Расію. Мінулым годам іх галоўнымі экспарцёрамі былі Узбекістан (180 тысяч тон), Азербайджан (111 тысяч тон) і Арменія (64 тысячы тон).
Турцыя, дарэчы, з'яўляецца галоўным пастаўшчыком у Расію цытрусавых (599 тысяч тон), а таксама займае другое месца па пастаўках кавуноў і дынь (16 тысяч тон) пасля Узбекістана (335 тысяч тон).