«Мяжа Рэспублікі Беларусь давяла мяне да нервовага зрыву»
8- 17.07.2026, 19:01
- 4,028
Расіянка параўнала праходжанне мяжы з узыходжаннем на Эверэст.
«Я заставалася спакойнай, калі на Эверэсце кісларод у маёй крыві падаў да 68%, я не плакала, калі 56 гадзін ішла без адпачынку і сну, але мяжа Рэспублікі Беларусь давяла мяне да нервовага зрыву», — напісала расійская блогерка Ірына Гольдман пасля таго, як правяла ноч на польска-беларускай мяжы.
Сваімі ўражаннямі ад паездкі з Польшчы ў Беларусь інфлюэнсерка, на якую ў Instagram падпісаныя больш за 720 тысяч карыстальнікаў, падзялілася 16 ліпеня ў Reels. Мяжу яна перасякала на Porsche. Акрамя яе, у салоне іншамаркі быў яе пёс па мянушцы Спайс, перадае «Зеркало».
Дзяўчына распавяла, што за дзве гадзіны прайшла польскую мяжу, але затым чарга амаль перастала рухацца. Каб пераадолець каля 800 метраў шляху да беларускага пункта пропуску, блогерцы спатрэбілася каля чатырох гадзін.
На беларускім баку ў Ірыны ўзніклі складанасці. У роліку пад назвай «Беларускае пекла» дзяўчына раніцай у слязах распавяла, што не спала ўжо суткі.
«Кожны раз у мяне забіраюць дакументы. Аддаю дакументы — і зноў забіраюць. Не ведаю, калі гэта скончыцца. Машыну аглядалі сем разоў. У Беларусі ў мяне забралі ўсе дакументы, папрасілі паставіць машыну на стаянку і чакаць. На мае пытанні, што адбываецца, ніхто не адказваў. Кожныя дзесяць хвілін я бегала, як котка, і ўпрашвала мужчын паскорыцца. На вуліцы было +30°С, і са мной ехала паўночная сабака. Праз гадзіну проста на стаянцы тры памежнікі абшукалі ўсю маю машыну», — распавяла інфлюэнсерка.
Паводле слоў Ірыны, мяжу ёй параілі перасякаць праз зялёны калідор. Яна так і зрабіла. Аднак, калі яна пад’ехала да акенца, высветлілася, што гэтае рашэнне было памылковым. Паколькі Ірына везла сабаку, ёй трэба было скарыстацца чырвоным калідорам і аформіць дэкларацыю.
«Я папрасіла прабачэння, прасіла здаць дзесяць метраў назад і заехаць у патрэбнае акно (на чырвоны калідор. — Заўв. рэд.). Але мне сказалі: „Ужо позна“», — паскардзілася інфлюэнсерка.
У выніку жанчыну папрасілі заплаціць за сабаку 300 рублёў.
«Я гадзіну стаяла ў чарзе ў аддзяленні банка, але мая картка там не спрацавала, сувязі не было. Я не магла папрасіць дапамогі, грошай. Я проста не ведала, што мне рабіць. Мне дапамаглі зусім незнаёмыя людзі і заплацілі за мяне», — распавяла Ірына.
У беларускім пункце пропуску блогерка правяла ў суме больш за восем гадзін. Яна прызналася, што «такую знясільваючую мяжу перасякала ўпершыню». Гэтая паездка пакінула ў яе шмат пытанняў:
«Чаму на аўтамяжы працуе так мала памежнікаў? Чаму ў іх такія нізкія заробкі і старая тэхніка? Чаму людзі суткамі стаяць у чэргах, у адрозненне ад аэрапорта? Чаму памежнікі спачатку шмат разоў аглядаюць рэчы рукамі, потым на рэнтген-стужцы, а пасля — машыну на вялікім рэнтгене? Дзе логіка? Чаму, калі памыліўся з калідорам, нельга здаць сем метраў назад? Чаму на мяжы няма Wi‑Fi? Чаму, калі гэта мяжа Еўропы, не прымаюць еўракарткі? Чаму адны і тыя ж дзеянні паўтараюцца бясконцую колькасць разоў? Чаму нельга заплаціць штраф анлайн? Але ведаеце, што самае крыўднае? Пераважна цябе даглядаюць, каб ты, барані божа, не прывёз лішнюю бутэльку віна, пачак цыгарэт або тэлевізар», — рэзюмавала Ірына Гольдман.
Нагадаем, падарожнікі з хатнімі жывёламі павінны перасякаць мяжу па чырвоным калідоры і запоўніць дэкларацыю ў двух экзэмплярах, адзін з якіх застаецца на мытні, а другі аддаецца на рукі гаспадару жывёлы, тлумачылі раней у Дзяржаўным мытным камітэце.
Увоз жывёл асобамі, якія пастаянна пражываюць на мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, ажыццяўляецца з аплатай або без аплаты мытных пошлін, падаткаў у залежнасці ад вагі і кошту гадаванца.
Калі пры ўездзе ў Беларусь у гаспадара жывёлы ёсць экзэмпляр пасажырскай мытнай дэкларацыі, якую ён запоўніў на свайго гадаванца пры выездзе з Беларусі, вага і кошт жывёлы не ўключаюцца ў агульныя нормы бязмытнага ўвозу тавараў.