У каледжах Беларусі пачаўся прыём дакументаў
- 18.07.2026, 9:23
Прыёмная кампанія працягнецца амаль месяц.
Каледжы па ўсёй Беларусі пачалі прымаць дакументы на навучанне. У некаторых установах прыёмная кампанія працягнецца амаль месяц, паведамілі ў Telegram-канале Міністэрства адукацыі.
У гэтым навучальным годзе ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануюць прыняць каля 39 тыс. абітурыентаў, з іх больш за 31 тыс. месцаў — бюджэтныя.
Найбольш запатрабаваныя інжынерна-тэхнічныя, педагагічныя, медыцынскія і аграрныя спецыяльнасці.
Прыёмныя камісіі будуць працаваць з 9:00 да 18:00 з панядзелка па суботу.
Добрая навіна для абітурыентаў — інфармацыю пра конкурс каледжы абнаўляюць тройчы на дзень — у 12:00, 15:00 і 18:00.
Тым, хто будзе паступаць на падставе базавай адукацыі (пасля 9 класаў), дакументы на бюджэт трэба падаць да 3 жніўня (ці па 23 ліпеня, калі ва ўстанове ёсць уступныя выпрабаванні). На платнай аснове прыём дакументаў працягнецца да 10 жніўня.
Для тых, хто скончыў 11 класаў, тэрміны павялічаны — на бюджэт у каледжах іх чакаюць да 11 жніўня (ці да 4-га, пры ўмове ўнутраных экзаменаў). Платна можна падавацца да 15 жніўня.
У Мінадукацыі падкрэслілі, што для спецыяльнасцяў накірункаў «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя» і «Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі» тэрміны могуць адрознівацца.
Дакладную інфармацыю лепш шукаць на сайтах канкрэтных устаноў.