Расіянам дазволяць рэгістраваць аўтамабілі, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку
8- 18.07.2026, 15:26
- 1,658
Законапраект быў распрацаваны па даручэнні Пуціна.
Урад Расіі прапанаваў надзяліць МУС правам рэгістраваць аўтамабілі, якія трапілі ў базу Інтэрпола. Урад унёс адпаведны законапраект у Дзярждуму. Перш за ўсё гаворка пра машыны, якія вышукваюцца па ініцыятыве «нядружалюбных» краін, але былі ўвезены ў Расію і набыты яе грамадзянамі. Дзейнае заканадаўства забараняе рэгістрацыю такіх транспартных сродкаў.
Праект паправак быў прадстаўлены ў лютым 2026 года. У МУС тлумачылі неабходнасць змяненняў тым, што пасля пачатку вайны ва Украіне заходнія краіны практычна перасталі адказваць на яго запыты. З гэтай прычыны паліцыя не можа дакладна ўсталяваць, ці сапраўды быў аўтамабіль выкрадзены і пры якіх абставінах яго абвясцілі ў міжнародны вышук. У якасці прыкладу ў МУС прыводзілі Германію, якая не адказала на запыты па 123 аўтамабілях.
Паводле звестак ведамства, усяго з 2022 года ў Расіі было выяўлена 1,5 тыс. іншамарак, абвешчаных у міжнародны вышук. Уладальнікі такіх аўто спрабуюць дамагчыся іх рэгістрацыі праз суд, аднак звычайна атрымліваюць адмову, бо падобны механізм у заканадаўстве не прапісаны. Цяпер выключыць гэтыя машыны з базы Інтэрпола можа толькі дзяржава-ініцыятар.
Згодна з тлумачальнай запіскай, законапраект быў распрацаваны па даручэнні прэзідэнта Уладзіміра Пуціна «у мэтах абароны законных інтарэсаў асоб, ва ўладанні якіх знаходзяцца транспартныя сродкі, што вышукваюцца па ініцыятыве нядружалюбных дзяржаў».
Праблема ўзнікла пасля сыходу заходніх аўтаканцэрнаў з Расіі ў 2022 годзе і легалізацыі паралельнага імпарту — увозу тавараў без дазволу праваўладальніка. Як пісаў Autonews, многія пастаўленыя такім чынам машыны пазней аказваліся ў базе Інтэрпола як угнаныя.
Зламыснікі афармлялі папулярныя іншамаркі ў лізінг у Еўропе, перапрадавалі іх у Расію праз трэція краіны, напрыклад праз ААЭ, а затым спынялі плацяжы. Пасля гэтага лізінгавыя кампаніі абвяшчалі машыны ў міжнародны вышук. Уладальнікі, якія набылі такія аўтамабілі ў Расіі, нярэдка даведваліся пра гэта толькі пры спробе зарэгістраваць іх у ГІБДД. Паводле звестак Autonews, найбольшай папулярнасцю сярод аўтамабіляў, увезеных па паралельным імпарце, карыстаюцца Toyota, BMW і Mercedes-Benz.