Работнікаў Wildberries у Электрасталі не выпускалі з палаючага складу падчас атакі БПЛА
9- 19.07.2026, 9:59
- 11,216
Эвакуацыю доўга не пачыналі.
Супрацоўнікі лагістычнага цэнтра Wildberries у падмаскоўнай Электрасталі паведамляюць, што падчас атакі беспілотнікаў і наступнага пажару кіраўніцтва склада не дазваляла ім пакідаць памяшканні.
Пра гэта пішуць «Важные истории» са спасылкай на паведамленні ў чаце неафіцыйнага прафсаюза работнікаў маркетплэйса.
Паводле слоў адной з супрацоўніц, замест неадкладнай эвакуацыі работнікаў 10-га блока сабралі для здачы счытвальнікаў штрых-кодаў. Кіраўніцтва змены змяніла свае дзеянні толькі пасля таго, як пачаў разбурацца суседні 9-ы блок комплексу.
«Вырашылі дзейнічаць паводле пратаколу, ці што ў іх там было ў галаве», — напісала яна.
Супрацоўніца дадала, што пасля гэтага менеджары самі накіраваліся да выхаду, а работнікі рушылі за імі праз вузкі праход з турнікетам. У чаце таксама паведамляецца, што частка работнікаў не стала чакаць указанняў і самастойна адчыніла грузавыя вароты, каб пакінуць тэрыторыю складу.
Падобную версію падзей выданню «Пост-» распавяла супрацоўніца лагістычнага цэнтра, якая таксама з’яўляецца сястрой аднаго з работнікаў начной змены. Паводле яе слоў, падчас здарэння кіраўніцтва заклікала захоўваць спакой і не выпускала людзей вонкі, нягледзячы на тое, што атака працягвалася.
Іншы ўдзельнік супольнасці выказаў здагадку, што работнікаў маглі ўтрымліваць унутры складу, каб прадухіліць магчымы крадзеж тавараў.