Беларускі дэвелапер запусціў продажы кватэр у Польшчы
4- 19.07.2026, 14:59
- 3,984
Ён працягвае працаваць і ў нашай краіне.
Вядомы беларускі дэвелапер Валерый Шамрыла (кампанія «Айрон») разам са сваім партнёрам-будаўніком Андрэем Салавём (фірма «ДомСтройАгент») пачалі продажы кватэр у двух жыллёвых комплексах ў Уроцлаве. Пра гэта піша ў сваім тэлеграм-канале эканамічны аглядальнік Вадзім Сеховіч.
На польскім рынку Валерый Шамрыла і Андрэй Салавей працуюць у рамках зарэгістраванай у 2023 годзе кампаніі Lewante і яе дачок. У Шамрылы ў ёй 65%, у Салав'я — 35%. Таксама апошняму належыць кампанія-генпадрадчык SBL Group.
У першым квартале гэтага года Lewante і SBL Group здалі свой першы аб'ект — жыллёвы комплекс Ivy House побач з уроцлаўскім паркам Жэрніцкага. Паводле даных з сайта праекта, на бягучы момант рэалізавана траціна з 42 прапанаваных у ім апартаментаў. Таксама тут выстаўляюцца 73 так званыя lokale inwestycyjne пад ключ. Усе памяшканні плошчай 23−76 кв. м каштуюць ад 350 тыс. (каля 80 тыс. еўра ў эквіваленце) да 630 тыс. злотых (145 тыс. еўра).
Ужо стартавалі продажы і ў будуючымся комплексе Nowe Swojczyce, які вядзе даччыная кампанія Lewante Nowe Swojczyce (створаная ў 2025 годзе). У яго рамках прапануюцца 14 дамоў па 84 кв. м кожны з «агародзікамі» плошчай ад 37 да 97 кв. м. За гэта жыллё інвестары просяць 1,069 млн — 1,119 млн злотых (245 тыс. — 260 тыс. еўра), абяцаючы цалкам здаць комплекс у эксплуатацыю ў 4-м квартале 2027 года.
У жніўні гэтага года пачынаецца будаўніцтва трэцяга аб'екта, які прыгледзелі ў Уроцлаве Валерый Шамрыла і Андрэй Салавей. Гэта — жыллёвы комплекс Lewante Tajwanska. Яго вядзе аднайменны, зарэгістраваны ў 2025 годзе, дэвелапер. У ім плануецца прапанаваць жыхарам Уроцлава і гасцям сталіцы Ніжняй Сілезіі 113 кватэр агульнай плошчай 6230 кв. м.
Актыўнасць на польскім рынку не з'яўляецца перашкодай бізнесменам у іх новых пачынаннях у Беларусі. Кампаніі Валерыя Шамрылы праінвеставалі на радзіме такія праекты, як «Мінскі квартал» на Грушаўцы, жыллёвы комплекс «Дубравінскі», а таксама аб'екты «Купальскі» ў Гродне і «Новая Чарняхоўка» ў Віцебску. У цяперашні час «Айрон» будуе комплексы «Левада» на беразе Свіслачы ў Мінску і «Чайка» ў Берасці.