Супрацоўнікі Wildberries распавялі, што іх не выпускалі з палаючага склада
4- 6,998
Кампанія гэта адмаўляе.
Кіраўніцтва склада ў Электрасталі не выпускала супрацоўнікаў з палаючага будынка, пішуць відавочцы і іх блізкія ў тэлеграм-канале «Вайлдберриз. Правда сотрудников». На публікацыю звярнулі ўвагу часопіс «Пост-» і выданне «Важные истории», піша «Медуза».
Ананімны чытач канала распавёў, што менеджары нібыта спрабавалі не дапусціць, каб работнікі «захапілі з сабой тавар» падчас пажару — таму супрацоўнікам давялося самім адчыняць аўтаматычныя складскія вароты, каб «усяго-навсяго ўцячы».
«Пост-» звязаўся з Соф’яй, сястрой аднаго з пацярпелых у выніку ўдару ў Электрасталі, і яна пацвердзіла: калі пачалася атака, «якаясьці старшая» ўтрымлівала яе брата і іншых супрацоўнікаў на складзе, патрабуючы «супакоіцца і не панікаваць». У выніку, распавяла Соф’я, работнікі ўзламалі грузавыя дзверы і «адтуль скакалі».
Сама Соф’я працуе на тым жа складзе, але падчас пажару яна не была на змене. Незадоўга да размовы з «Пост-» яна безвынікова спрабавала датэлефанавацца да калег. Як удакладняе выданне, падчас пажару супрацоўнікі не паспелі забраць з камер захоўвання ні тэлефоны, ні дакументы, ні іншыя рэчы і таму засталіся без сувязі.
«Ведаю, што падчас эвакуацыі старшыя вырашылі дзейнічаць паводле пратаколу ці што там у іх у галаве, — піша яшчэ адзін чытач канала «Вайлдберриз. Правда сотрудников». — Яны збіралі на 10-м блоку супрацоўнікаў і адпраўлялі здаваць ТСД [сканеры штрыхкодаў]. Замест таго, каб прыняць меры хуткай эвакуацыі».
Чытач дадае, што брыгада хуткай дапамогі прыпаркавала машыну каля КПП, не адважваючыся заехаць на тэрыторыю, таму параненых вывозілі «мясцовыя бамбілы».
У тым жа канале ёсць пост відавочцы, які выжыў падчас пажару на складзе. Ён кажа, што ў адным з блокаў «старшы» абвясціў супрацоўнікам, што пажарны адчыніць вароты, — і паспешна пакінуў будынак. Пачалася паніка, людзі спрабавалі адчыніць вароты самі. Ці дачакаліся яны пажарнага, ці выбраліся ўласнымі сіламі, аўтар допісу не ўдакладняе.
У іншым блоку ахова дасматрывала супрацоўнікаў, якія эвакуяваліся. «Пажарная сігналізацыя адразу не спрацавала, — успамінае відавочца. — Яна ўключылася, калі ўжо быў вялікі клуб дыму і бушаваў пажар. Людзі нават не ведалі пра эвакуацыю».
Часопіс «Пост-», у сваю чаргу, піша, што сірэна ў Электрасталі «увогуле не спрацавала».
Паводле звестак «Пост-», супрацоўнікаў Wildberries спрабавалі рыхтаваць да атакі беспілотнікаў — асабліва пасля таго, як ЗСУ атакавалі Электрасталь у ноч на 16 чэрвеня. На складзе рэгулярна праводзілі вучэбную трывогу, тэхніку бяспекі «кожны дзень паўтаралі як мантру», на стэндзе павесілі памятку. Але падчас сапраўдных удараў усе блокі эвакуявалі па-рознаму — «у залежнасці ад рэакцыі старшага па складзе».
Куды менш сведчанняў са склада ў Котавску Тамбоўскай вобласці, які таксама трапіў пад удар украінскіх беспілотнікаў. Аднак і там, як піша «Пост-» са спасылкай на супрацоўніцу кампаніі, не было бяспечнай эвакуацыі — і наогул арганізаванай эвакуацыі як такой.
Суразмоўца часопіса распавядае, што кіраўніцтва не выпускала супрацоўнікаў, пакуль тыя не завершаць задачы, і толькі калі прагучаў «моцны бабах», людзі пабеглі, не чакаючы інструкцый начальства; некаторым давялося ўцякаць з тэрыторыі праз лес. Правілы бяспекі падчас паветранай атакі работнікам склада ў Котавску, паводле слоў гэтай супрацоўніцы, ніхто не тлумачыў.
Wildberries адмаўляе якія б там ні былі парушэнні падчас эвакуацыі з абодвух складаў. Прэс-служба кампаніі заявіла ў сваім тэлеграм-канале, што ўсе аварыйныя выхады на абодвух прадпрыемствах адкрылі неадкладна пасля пачатку атакі, аварыйная аўтаматыка спрацавала «ў штатным рэжыме і своечасова», а супрацоўнікі пакінулі склады «у адпаведнасці з планам эвакуацыі».