22 лiпеня 2026, Серада, 21:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расійскія вайскоўцы на фронце пачалі пакутаваць ад паліўнага крызісу

1
Расійскія вайскоўцы на фронце пачалі пакутаваць ад паліўнага крызісу

Удары ЗСУ вывелі з ладу найбуйнейшыя расійскія НПЗ.

Паліўны крызіс, выкліканы ўкраінскімі ўдарамі па НПЗ, дабраўся і да фронту. Пра гэта «Верстцы» распавялі расійскія вайскоўцы. У іх узнікаюць праблемы з запраўкай асабістых аўтамабіляў і генератараў — бензін для іх часта даводзіцца купляць за ўласныя грошы па завышанай праз крызіс цане. Асобныя вайскоўцы скардзяцца на ўвядзенне паліўных лімітаў нават для вайсковай тэхнікі.

Імёны суразмоўцаў змененыя па іхняй просьбе.

«Чым далей, тым горш»

«Так, з бензінам поўная срака, — кажа вайсковец Мікіта, — выдзяляюць усім мала, бензіну катастрафічна не хапае». Калі раней паліва бралі столькі, колькі патрабавалася для выканання задач, дык цяпер ліміт — не больш за 20 літраў на машыну ў суткі, — наракае ён. Пры гэтым паліўна-змазачныя матэрыялы ад арміі выдзяляюць выключна на машыны з «чорнымі нумарамі», што выконваюць баявыя задачы, — дадаў вайсковец.

Колькі іншых суразмоўцаў «Версткі» таксама адзначылі скарачэнне аб’ёмаў паставак паліва. Мабілізаваны Пётр ацаніў гэтае змяншэнне ў 30%. Яно закранула і баявыя машыны, і тыя, што падвозяць боекамплект і правіянт, — адзначыў вайсковец.

З больш маштабнымі наступствамі паліўнага крызісу сутыкнуўся Міхаіл з запарожскага кірунку. Калі раней на пазіцыю дастаўлялі каля 20 літраў бензіну, то цяпер — «калі 15, калі 10 нахрэн прывозяць», — скардзіцца ён. У выніку яму з таварышамі па службе за падвозам — будзь то ежа, бензін ці вада — даводзіцца хадзіць пешшу за 11 кіламетраў. Ён не разумее, як у такой сітуацыі ваяваць далей. «Чым далей, тым горш», — скардзіцца Міхаіл.

Вайсковец Алег таксама сутыкаўся з перабоямі ў пастаўках паліва. «То падвезці не могуць, то скончылася, новае доўга ідзе, ну і гэтак далей», — сказаў ён, удакладніўшы, што сам тэхніку не заправляе.

Толькі трое з дзесяці апытаных вайскоўцаў нічога не сказалі пра праблемы з ведамаснымі пастаўкамі паліва. Вайсковец Андрэй запэўніў, што з бензінам на фронце ўсё «нармальна». «Забяспечваюць па заяўках, колькі заяўляем… Побач хлопцы стаяць, таксама кажуць, што ўсё добра», — адзначыў ён.

Вайсковец Максім апісаў сітуацыю з палівам і ўвогуле як стабільную: яму кожныя два дні прывозяць па 20 літраў бензіну на разлік з двух чалавек — гэтага хапае на запраўку і матацыклаў, і генератараў. Толькі часам даводзіцца самім купляць паліва. Максіма не задаволіла іншае — якасць бензіну ад Мінабароны. Ён «нейкі жоўты, не такі чыстэнькі, як на запраўцы», — растлумачыў вайсковец.

«Ды ўсё ёсць. Але толькі на вайсковую тэхніку. На сваю не купіш», — сказаў «Верстцы» пра сітуацыю з палівам для вайсковай тэхнікі вайсковец Іван. Паліва пазычаюць адно ў аднаго і прадаюць яго мясцовым жыхарам па цане ад 350 расійскіх рублёў (амаль 13 беларускіх рублёў) за літр. Праўда, раней, перадае Іван словы таварышаў па службе, «паліўна-змазачныя матэрыялы кралі тонамі», цяпер жа сітуацыя змянілася — сталі менш ездзіць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках