Зварот да Зяленскага прывёў да гучнага скандалу ў Малдове
1- 23.07.2026, 11:33
- 3,992
Прашэнне аб дапамозе скончылася публічнай спрэчкай.
Мэр Кішынёва Іон Чэбан публічна папрасіў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага прадухіліць водны крызіс у цэнтры Малдовы. Аднак пасля гэтага ён адразу трапіў пад шквал крытыкі.
Пра гэта паведамляе Newsmaker.
Паводле меркавання Чэбана, менавіта Зяленскі і яго каманда могуць хутка ўмяшацца ў сітуацыю і дапамагчы Малдове вырашыць гэтую праблему.
«Я афіцыйна звяртаюся да адміністрацыі ў Кіеве і, у прыватнасці, да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага... Я прашу пра непасрэдны і асабісты ўдзел у вырашэнні сітуацыі з водазабеспячэннем у Малдове. Я ўпэўнены, што ўкраінская адміністрацыя разам з грамадзянамі не дапусціць, каб жыхары Малдовы засталіся без вады», — заявіў у звароце мэр Кішынёва.
Больш за тое, Чэбан публічна абвясціў, што не давярае ўладам сваёй краіны ў гэтым пытанні. Ён лічыць, што кіраўніцтва Малдовы не справіцца з вырашэннем гэтай праблемы.
На публічны зварот мэра да Зяленскага адразу адрэагаваў міністр па навакольным асяроддзі Георг Хадждэр.
Кіраўнік ведамства папракнуў Чэбана і параіў яму заняцца «састарэлай інфраструктурай», а таксама выдзяляць сродкі з бюджэту на водазабеспячэнне.
«Яму было б лепш заняцца тым, што ён абавязаны рабіць, і пакінуць гэтыя праблемы, якія, у асноўным, не датычацца той ці іншай краіны, бо гаворка ідзе пра змяненне клімату, пра ваду, якая менш назапашваецца ў вадасховішчы», — заявіў Хаждэр.