Прыёму ў хірурга ў мінскай паліклініцы даводзіцца чакаць паўмесяца
2- 23.07.2026, 15:00
Рэаліі беларускай «бясплатнай медыцыны».
Жыхарка мінскага мікрараёна «Каменная Горка» пад нікам kot_ng_nailart распавяла, колькі ёй давядзецца чакаць прыёму ў хірурга ў мясцовай паліклініцы. Тэрмін яе здзівіў.
«Запіс да хірурга на 10 жніўня, — піша мінчанка. — Мінск, сталіца Беларусі. Страшна ўявіць, колькі чакаюць не ў сталіцы. Пенсіянерам добра: сядзяць сабе ў жывой чарзе і на нешта спадзяюцца. А ў мяне няма часу на жывыя чэргі, мне трэба зарабляць грошы і плаціць падаткі, якія ідуць на тое, каб гэтых чаргаў не было. Выснова: лепш быць здаровым і багатым».
Аўтарцы паста, як заўважыў сайт Charter97.org, параілі звярнуцца да платнага лекара, на што яна адказала, што яго сабе можа дазволіць не кожны:
«А тым, хто не можа сабе дазволіць платнага лекара, што рабіць? Выжыве наймацнейшы? Ці найбагацейшы, у дадзеным кантэксце. І такіх большасць».
«У працоўных людзей няма часу, каб дамагчыся прыёму. Вось і даводзіцца працаваць на платнага лекара пры наяўнасці ўмоўна бясплатнай медыцыны», — дадала яна.