26 лiпеня 2026, Нядзеля, 22:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Свет ужо рыхтуецца да Расіі без Пуціна»

6
«Свет ужо рыхтуецца да Расіі без Пуціна»

«Расійская недаімперыя» ужо асуджаная.

Нягледзячы на тое, што вайна ва Украіне, здаецца, уступае ў новую фазу эскалацыі, у свеце ўсё актыўней абмяркоўваюць сцэнары завяршэння эпохі Уладзіміра Пуціна ў Крамлі і далейшага суіснавання з пасляваеннай Расіяй. Такое меркаванне ў сваім «Фэйсбуку»выказаў камандзір 429-й асобнай брыгады беспілотных сістэм «АХІЛЕС» Юрый Федарэнка.

У прыватнасці, вайсковец спасылаецца на з'яўленне ў сусветнай і ўкраінскай інфармацыйнай прасторы паведамленняў пра нібыта «тайныя сустрэчы» паміж прадстаўнікамі розных краін і Расіяй у апошнія тыдні. І хоць гаворка ідзе пра неафіцыйныя кантакты, пра якія бакі не спяшаюцца заяўляць публічна, Федарэнка лічыць іх вельмі сімптаматычнымі.

Асаблівую ўвагу Федарэнка звяртае на чуткі пра змену пазіцыі Кітая. Паводле яго слоў, Пекін паступова наладжвае сувязі не толькі з афіцыйнай Масквой, але і з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных і эканамічных эліт. Вайсковец адзначае, што расійскія спецслужбы фіксуюць дзейнасць кітайскіх «калег» на расійскай тэрыторыі, аднак Крэмль ігнаруе гэта, каб не пагоршыць адносіны з апошнім саюзнікам.

На думку Федарэнкі, актывізацыя кітайцаў у гэтым пытанні звязаная з доўгатэрміновымі прагнозамі адносна будучыні Расіі.

«Кітай бачыць, што Масква прайграе вайну, і загадзя рыхтуецца да магчымага распаду «федэрацыі». Пекіну патрэбныя свае людзі ў кожным рэгіянальным цэнтры, у кожнай галіне эканомікі. Сам жа гаспадар Крамля для Кітая ўжо ператвараецца ў кульгавую качку», — піша Федарэнка.

Аналагічныя дыскусіі ўсё часцей вядуцца і на Захадзе, адзначае вайсковец. Паводле яго слоў, міжнародныя эксперты, дыпламаты і палітыкі ўсё часцей гавораць не толькі пра завяршэнне вайны, але і пра магчымыя сцэнары развіцця Расіі пасля Пуціна.

Сярод абмяркоўваных пытанняў — патэнцыйнае аслабленне цэнтральнай улады, роля рэгіянальных эліт і кантроль над ядзерным арсеналам у выпадку палітычнай трансфармацыі краіны.

«Гэтыя размовы — на карысць Украіне. Бо гэта азначае, што Пуцін губляе астаткі геапалітычнага ўплыву. На яго больш не робяць стаўку. У будучыню яго рэжыму больш не інвестуюць», — лічыць Федарэнка.

У той жа час вайсковец папярэджвае ад празмернага аптымізму. Ён падкрэслівае, што сам факт падрыхтоўкі розных дзяржаў да магчымых зменаў у Расіі яшчэ не азначае іх хуткага надыходу.

«Недаімперыя асуджаная перажыць нямала палітычных, эканамічных і сацыяльных катаклізмаў. Аднак нават у такіх умовах яна будзе паводзіць сябе як небяспечны паранены драпежнік. Але ўрэшце рэшт загіне, бо дыягназ — смяротны», — рэзюмуе афіцэр.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках