Politico: Парыж і Берлін рыхтуюць вялікую здзелку дзеля выратавання аўтапрама ЕС
3- 27.07.2026, 18:27
- 2,048
Францыя і Германія аб’яднаюцца дзеля выратавання BMW, Renault, Peugeot, Mercedes і Volkswagen.
Парыж і Берлін працуюць над пагадненнем, якое павінна ажывіць аўтамабільную галіну, што апынулася ў глыбокім крызісе. Пра гэта паведаміла выданне Politico.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Германіі Фрыдрых Мерц даручылі сваім урадам падрыхтаваць пакетнае пагадненне, якое аб’яднае ў адзінае прамысловыя стратэгіі дзвюх краін.
Берлін, як чакаецца, падтрымае ўзмацненне палажэнняў ініцыятывы «Зроблена ў Еўропе» (Made in Europe), якіх дамагаецца Парыж у межах новага еўрапейскага закона аб паскарэнні прамысловасці (Industrial Accelerator Act). Гэта дазволіць абмежаваць кола краін, якія змогуць атрымаць статус «надзейнага партнёра» і прэтэндаваць на выгадныя дзяржаўныя кантракты і субсідыі нараўне з дзяржавамі ЕС.
У абмен на гэта Францыя пагодзіцца змякчыць запланаваную Еўрапейскім саюзам поўную забарону на продаж новых аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання з 2035 года. Неабходнасць такога кампрамісу стала асабліва відавочнай пасля таго, як канцэрн Volkswagen папярэдзіў пра магчымасць скарачэння 100 тыс. працоўных месцаў па ўсім свеце.
Перамовы, паводле звестак крыніцы, знаходзяцца на ранняй стадыі, канчатковыя параметры здзелкі яшчэ не ўзгодненыя. Праца над дакументам працягнецца цягам лета. Мяркуецца, што пагадненне можа быць гатова да сустрэчы міністраў прамысловасці краін ЕС 24 верасня і да саміту лідараў Еўрапейскага саюза 15–16 кастрычніка.