28 лiпеня 2026, aўторак, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расію наведала мінімальная за пяць гадоў колькасць замежных турыстаў

3
Расію наведала мінімальная за пяць гадоў колькасць замежных турыстаў

З-за атак дронаў і паліўнага крызісу.

Паток замежных турыстаў у Расію рэзка скараціўся з-за рэгулярных атак украінскіх беспілотнікаў, закрыцця аэрапортаў і паліўнага крызісу. У студзені—чэрвені іншаземцы здзейснілі 2,99 млн турыстычных паездак у краіну, што амаль на 20% менш год да года. У выніку паказчык апынуўся найгоршым за апошнія пяць гадоў. Гэта вынікае з дадзеных Расстата, якія вывучыў «Коммерсант». Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі тураператараў Расіі Сяргей Рамашкін ацаніў зніжэнне ўязнога патоку на 15% год да года, аднак дадаў, што ўлетку спад узмацніўся.

Высокі турыстычны сезон у Расіі доўжыцца з мая па верасень, а асноўны паток замежных турыстаў фарміруе Кітай. У мінулым годзе, паводле дадзеных Пагранічнай службы ФСБ, на яго прыпадала 50,8% ад агульнай колькасці турыстаў. На другім месцы Саудаўская Аравія з доляй 4,6%. Далей ідуць Туркменістан, Турцыя, Германія і ААЭ. Спад на рынку ўязнога турызму назіраецца нягледзячы на намаганні ўладаў па павелічэнні патоку. Так, з 2023 года інтурысты для наведвання Расіі могуць афармляць электронныя візы. На дадзены момант яны даступныя для грамадзян 64 краін. Пры гэтым для Кітая з верасня 2025 года дзейнічае бязвізавы рэжым.

Паводле слоў Рамашкіна, турпаток цяпер падае з усіх краін, у тым ліку з Кітая. Летні сезон сёлета аказаўся прыкметна горшым, чым чакалася, адзначыла гендырэктар «Тари Тура» Марына Леўчанка. Яна нагадала, што з-за распачатай у лютым вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірана былі перапыненыя авіязносіны з краінамі Блізкага Усходу. Гэта адрэзала ад Расіі не толькі турыстаў з гэтага рэгіёна, але таксама з Паўднёва-Усходняй Азіі. Пры гэтым у маі—чэрвені з-за налёту ўкраінскіх дронаў часта ўзнікалі перабоі ў працы расійскіх аэрапортаў. Акрамя таго, узнік паліўны крызіс, якога турысты асцерагаюцца, адзначыла Леўчанка.

На дадзены момант у тураператараў шмат заяўкаў на восеньскія паездкі ў Расію, аднак іх канверсія ў рэальныя прыезды цалкам залежыць ад таго, што будзе адбывацца ў краіне і на міжнародным узроўні, заключыла экспертка. У Azimut Hotels адзначылі, што аднавіць дапандэмійны паток турыстаў не атрымаецца без стабілізацыі авіязносін.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках