Стратэгічная памылка Пуціна
- Аббас Галлямаў
- 31.07.2026, 17:09
У вайне з Украінай Расія замест сілы дэманструе ўсяму свету ўласную слабасць.
Калі б Пуцін не пачаў вайну, ён мог бы ўвайсці ў гісторыю як палітык, які праявіў цуды стрыманасці. «Няхай як яго ўкраінцы ні правакавалі, ён усё адно здолеў узяць сябе ў рукі, уціхамірыў свой багачэрскі гнеў і дараваў ім тыя дурноты, якія яны твораць», — менавіта так у межах дамінуючага імперскага дыскурсу можна было падаць адмову ад нападу.
«Ну насамрэч, што мне іх — забіваць, ці што? Бамбіць? Уводзіць войскі? Усё адно ж народ брацкі, хоць часам і паводзіць сябе неразумна. Ды што зробіш — малады этнас, падлеткавы бунт», — мог бы сказаць Пуцін.
У межах такой падачы, чым больш бы ўкраінцы фрондавалі, тым больш непрыемна яны самі б і выглядалі. Маўляў, карыстаюцца дабрынёй рускіх і задзіраюць іх. Ды яны б і не фрондавалі. Пакуль мы не ўлезлі да іх — спачатку са сваім Януковічам, а потым захапіўшы Крым, — яны ні ў НАТА не імкнуліся, ні рускай мовы не чапалі.
Яны ўвогуле ў значнай сваёй масе арыентаваліся на Расію. Памятаю, прыкладна ў 2007–2008 гадах тагачасны мэр Кіева Чарнавецкі шукаў сабе прэс-сакратара — і прычым хацеў яго абавязкова з Масквы. Я гэта ведаю, бо пасярэднік, да якога ён звярнуўся, выйшаў на мяне — спытаў, ці не хачу я паехаць папрацаваць у Кіеў. Я моцна здзівіўся: «Ды я нават мовы не ведаю». Той мне патлумачыў: «Гэта не абавязкова. Яны там усе па-руску размаўляюць». Запрашаць расійскіх спецыялістаў было тады ва Украіне звычайнай справай.
Калі казаць пра НАТА, то згодна з данымі Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, у 2005 годзе, адказваючы на пытанне пра тое, як бы яны прагаласавалі ў выпадку правядзення рэферэндуму аб уступленні ў альянс, толькі 16 працэнтаў украінцаў паведамілі, што сказалі б «так», а 57 — выказаліся б супраць. Нават пасля расійскай анэксіі Крыму — між 2014 і 2021 гадамі — колькасць грамадзянаў Украіны, гатовых прагаласаваць за ўступленне сваёй краіны ў НАТА, ні разу не дасягнула 50 працэнтаў. Узляцела яна толькі пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання 2022 года.
У гэтым сэнсе Масква сама стварыла праблему, якой раней практычна не існавала. Атрымалася неверагодная дурнота: Крэмль уварваўся ва Украіну, каб не дапусціць яе ўступлення ў НАТА, і менавіта гэты яго крок зрабіў уступленне ў НАТА масавым грамадскім запытам.
Дарэчы, да самога Пуціна да 2014 года ўкраінцы таксама ставіліся цалкам нармальна. Паводле даных Gallup, пакуль расійскі прэзідэнт не захапіў Крым, колькасць грамадзянаў Украіны, якія адабрылі яго дзейнасць, стабільна перавышала колькасць тых, хто ацэньваў яго негатыўна. Як і ў выпадку з НАТА, тут адбылася тая ж гісторыя: Пуцін уласнымі рукамі знішчыў уласную папулярнасць, ператварыўшы людзей, якія ставіліся да яго лаяльна, у сваіх ненавіснікаў.
***
Атрымліваецца, што нават калі прыняць крэмлёўскае апісанне таго, што адбываецца, вайна не выглядае непазбежнай. Наадварот, рашэнне пра яе пачатак паўстае як найбуйнейшая стратэгічная памылка.
Калі б расійская армія не пачала ўварванне, ніхто б не даведаўся, што яна зусім не з’яўляецца той непераможнай сілай, за якую яе лічылі. Свет і далей верыў бы, што яна здольная за лічаныя дні разграміць любога праціўніка. Уварванне знішчыла гэты міф. Краіна, якая магла выглядаць вялікай менавіта таму, што не стала прымяняць сілу, вырашыла гэтую сілу ўжыць — і тым самым прадэманстравала ўсяму свету ўласную слабасць, помслівасць і неверагодную жорсткасць.
Шкада, што Пуцін не чытаў Гібона, які ў сваёй класічнай працы, прысвечанай гісторыі Старажытнага Рыма, напісаў пра перыяд кіравання Антонінаў: «Страх, які наводзіла ваенная магутнасць Рыма, надаваў умеранасці імператараў асаблівую вагу і годнасць».
У расійскага прэзідэнта цяпер ні вагі, ні годнасці.
Аббас Галлямаў, «Точка»