«Лукашэнка павінен жыць у пастаянным страху»
1- 1.08.2026, 16:44
- 1,842
Украінскі журналіст патлумачыў, чаму Кіеў змяніў стаўленне да дыктатара.
Аляксандр Лукашэнка разумее толькі мову сілы, і «мы з ім будзем размаўляць адныне і заўсёды толькі мовай сілы», сказаў у эфіры «Студыі «Белсат»» украінскі журналіст Дзмітрый Гордон. Ён пералічыў мэты адказных удараў ЗСУ ў выпадку абстрэлаў з беларускай тэрыторыі, і гэта не толькі НПЗ.
«Ніякай веры да яго няма, ён разумее толькі мову сілы, і мы з ім будзем размаўляць адныне і заўсёды толькі мовай сілы», – заявіў Дзмітрый Гордон, тлумачачы, чаму Кіеў змяніў паводзіны ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Гордон нагадаў, як у інтэрв’ю ў 2020 годзе палітык абяцаў яму, што «ніколі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну не прыйдуць расіяне», але слова не стрымаў.
Паводле журналіста, Кіеў дамагаецца, каб Лукашэнка перастаў дапамагаць Расіі ў вайне, у тым ліку рэтранслятарамі і пастаўкамі паліва, і каб з тэрыторыі нашай краіны не паўтарылася ўварванне і абстрэлы, як гэта было ў 2022-м.
«У Лукашэнкі крыху больш за месяц таму пабывала наша дэлегацыя — прадстаўнікі дзяржавы Украіна, дзе яму ўсё наглядна растлумачылі, што калі ён і далей будзе прадастаўляць Расіі тэрыторыю Беларусі для нанесення ўдараў па тэрыторыі Украіны, значыць, мы будзем біць па тэрыторыі Беларусі», – сказаў Гордон, адзначыўшы, што «мірных беларусаў» ніхто атакаваць не будзе, бо «мы вельмі любім беларускі народ і ставімся да яго з вялікай сімпатыяй».
Гордон пералічыў аб’екты, якія «ўяўляюць для Украіны цікавасць»:
«Два нафтаперапрацоўчыя заводы, у Мазыры і ў Наваполацку, якія з’яўляюцца лакаматывамі беларускай эканомікі, а таксама «Беларуськалій» — галоўны лакаматыў беларускай эканомікі. Мы зруйнуем іх, мы зруйнуем ваенныя аб’екты, мы зруйнуем, не выключана, і палац Лукашэнкі. Лукашэнка, які добра бачыў удары Украіны па Маскве і па Піцеру, разумее, што гэта не жарты. Ніхто з ім цырымоніцца не будзе».
Да Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода ад украінскай мяжы — 40 км, «на яго і дроны можна не траціць, можна артылерыяй ударыць», — сказаў журналіст. Ён упэўнены, што беларуская армія ніяк не дапаможа:
«Арміі, каб абараніцца, у яго няма, ды і не будзе армія ўпрэгвацца за яго, таму што ратаваць дупу Лукашэнкі не ўваходзіць у планы нармальных беларусаў. Таму ён спыніў тое, што рабіў раней, і думаю, што ён больш гэтага рабіць не будзе. Асабліва сёння, калі ўвесь свет бачыць, як украінскія дроны, як у сябе дома, лятаюць у небе над Расіяй. А што казаць пра Беларусь?»
Гордон падсумаваў, што ў Лукашэнкі «трэба назаўсёды адбіць ахвоту да любой дапамогі Расіі, якая ўжо 4,5 года ажыццяўляе беспрэцэдэнтную паводле сваёй жорсткасці і нахабства агрэсію супраць Украіны».
«Лукашэнка павінен жыць у пастаянным страху, і мы гэта яму забяспечваем», — заявіў журналіст.