Як украінскі сабака стаў байцом Палка Каліноўскага
2- 1.08.2026, 19:31
- 2,076
Беларус распавёў гісторыю свайго вернага чатырохногага сябра.
Прэс-служба Палка Каліноўскага расказала кранальную гісторыю сяброўства аднаго з беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне з простым украінскім сабакам.
Артылерыст Палка Каліноўскага з пазыўным Золтан сустрэў свайго напарніка ў верасні 2022 года ў прыфрантавым Гуляйполлі. Байцы спыніліся, каб памяняць прабітае кола, і да іх выбеглі тры мясцовыя сабакі. Найбольш актыўнага з іх — невялікага белага сабаку, які ўжо паспеў пабыць пад абстрэламі з «Градаў», — Золтан забраў з сабой.

Імя далі паводле афарбоўкі — Беляш. Усюды, дзе быў гаспадар — у Запарожжы, Куп’янску, Харкаве, Дружкаўцы, — сабака хадзіў следам за ім, стаўшы паўнапраўнай часткай каманды.

Нягледзячы на франтавое жыццё, Беляш ненавідзеў зброю. Варта было байцам пачаць чысціць аўтаматы, як сабака не вытрымліваў металічнага лязгу і сыходзіў у іншы пакой. На самі пазіцыі Золтан яго не браў, каб зберагчы, затое Беляш узяў на сябе кантроль за небам. Учуўшы гул варожага дрона, ён выбягаў на вуліцу і люта аблаяў пагрозу.

У Куп’янску яго самастойнасць выявілася цалкам: Беляш сабраў сапраўдную банду з мясцовых сабак, узначаліў яе і насіўся па горадзе. Яго пазнавалі нават на далёкіх загарадных блокпастах.
У астатнім гэта быў просты сабака, які вельмі любіў сырое мяса, паездкі на машыне і гаўкаць на вавёрак.

«Ён пражыў выдатнае сабачае жыццё. Я, прынамсі, пастараўся, каб яно ў яго такім было», — узгадвае Золтан.
На жаль, 21 ліпеня 2026 года Беляша не стала.
