Канадцы губляюць цярпенне з-за ўступак Трампу
- 10.08.2026, 17:32
- 1,300
Кампрамісы Атавы не спынілі ціску Вашынгтона.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп працягвае ўзмацняць ціск на Канаду, нягледзячы на ўступкі прэм’ер-міністра Канады Марка Карні. Урад Канады пайшоў на шэраг кампрамісаў, але замест змякчэння пазіцыі Вашынгтона атрымаў новыя тарыфныя пагрозы, піша The Economist (пераклад — сайт Charter97.org).
Адзін з самых балючых эпізодаў — новы міжнародны мост «Горды Хоў» паміж Канадаю і ЗША. Атава поўнасцю прафінансавала будаўніцтва коштам 6,4 млрд канадскіх долараў, аднак перад адкрыццём Трамп запатрабаваў перагледзець умовы размеркавання даходаў ад праезду. У выніку Вашынгтон атрымаў палову чыстай выручкі цягам першых 15 гадоў, што, паводле ацэнак, абыдзецца Канадзе прыблізна ў 300 млн канадскіх долараў.
Затым Трамп абвясціў пра ўвядзенне 50-працэнтных пошлін на шэраг канадскіх тавараў коштам каля $20 млрд. Яны закрануць нават прадукцыю, якая падпадае пад пагадненне USMCA, што рэгулюе гандлёвыя адносіны ЗША, Канады і Мексікі.
«Яны нам не патрэбныя. Здзелка важная для іх, а не для нас», — заявіў Трамп перад чарговым раундам перамоваў.
Пазіцыя Карні выклікае ўсё больш раздражнення ўнутры Канады. Паводле апытанняў, з красавіка па ліпень частка грамадзян, упэўненых у здольнасці прэм’ера дамагчыся выгаднага пагаднення з Трампам, знізілася на восем працэнтных пунктаў. Амаль дзве траціны канадцаў выступаюць за адказныя пошліны.
Гандлёвая вайна найперш ударыць па самой Канадзе. Гісторыя ўжо паказвае небяспеку такой эскалацыі: пасля прыняцця закона Смута — Хоўлі ў 1930 годзе адказныя меры іншых краін спрыялі рэзкаму скарачэнню сусветнага гандлю.
Цяпер Карні працягвае рабіць стаўку на перамовы, спадзеючыся захаваць пагадненне USMCA і пазбегнуць далейшага пагаршэння адносін з Вашынгтонам.