11 жнiўня 2026, aўторак, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пуціна не засталося іншага выйсця

1
У Пуціна не засталося іншага выйсця

Вайна ўжо прыйшла ў расійскі двор.

У хаосе, які ўчыніла заходняму свету правальная амерыканская кампанія ў Іране, Расія ўбачыла шанец аднавіць увялы «дух Анкарыджа».

Мінулым годам гэтае мёртванароджанае дзіця крамлёўскай прапаганды мусіла рэалізаваць імперскія амбіцыі Крамля неваенным шляхам: сяброк Трамп мусіў прымусіць украінцаў здаць тэрыторыі. Аднак ні чырвоная дарожка, ні паціскі рук і паездка ў адной машыне не зрабілі крамлёўскага лідара «рукапажатным», а Расію — гульцом вышэйшай лігі. За год з «духу Анкарыджа» зніклі ноткі імперскіх рэляцыяў — застаўся добра знаёмы смурод рэсэнтыменту. Расійскія газеты напоўніліся загалоўкамі пра «Захад, які марыць пра развал Расіі», а тым часам вайна прыйшла ў расійскі двор. Такім чынам быў парушаны няпісаны кантракт паміж Уладзімірам Пуціным і расіянамі — «мне можна ўсё, узамен дома няма вайны», — а такія парушэнні не застаюцца беспакаранымі для дыктатараў.

У Пуціна не засталося іншага выйсця, акрамя старога добрага зімовага шантажу. Недахоп ракет PAC-3 (дзякуй іранскай кампаніі Трампа) б'е па здольнасці СПА прыкрываць крытычную інфраструктуру; менавіта гэтым Крэмль ужо пужае нас і Еўропу, раздзімаючы паніку наконт жахлівай зімы. На жаль, бяспомачнасць на месцах і заявы ўладных пра неабходнасць «завяршыць вайну да ацяпляльнага сезону» ідэальна сугучныя гэтай прапагандзе. Такія настроі створзяць для расіян найбольш выгадную перагаворную пазіцыю для вяртання да свайго запаветнага «духу Анкарыджа» і, як мінімум, прасоўвання сцэнару фінляндызацыі Украіны. А як максімум — настойвання на грузінскім сцэнарыі з поўным кантролем над палітычнымі і эканамічнымі працэсамі.

Пуцін пагодзіцца толькі на такое перамір'е, якое дазволіць яму абвясціць сябе пераможцам, а затым дасягнуць галоўнай мэты: дэманстрацыі няздольнасці НАТА як блока. Ён дагэтуль спадзяецца, што, дазволіўшы Трампу прыпісаць сабе спыненне агню, удасца яшчэ больш раскалоць Злучаныя Штаты і Еўропу, а калі нешта пойдзе не так, заўсёды можна абвінаваціць у зрыве перамоваў Украіну і працягваць завальваць яе гарады балістыкай. Калі ж усё пройдзе як трэба, на фоне адсутнасці бачнай агрэсіі ўзмоцніцца расійская здольнасць маніпуляваць еўрапейскімі палітыкамі — аж да спробаў заблакаваць перамовы аб уступленні Украіны ў ЕС.

Якія пры такіх умовах варыянты ў Украіны? Найважнейшы — не купляць за ўсе грошы тое, што нам прадаюць. Галоўная зброя Крамля гэтай восенню — не балістыка, а маральная паніка, якой у апошнія дні, на жаль, паддаюцца ўсё больш людзей. Гэтыя хвалі можна прасачыць нават у сацсетках: пасля чарговых заклікаў неадкладна з'ехаць з краіны ідзе ўмела раздзьмуты фэйк пра адмену адтэрміноўкі для шматдзетных бацькоў, адразу за ім з'яўляецца яшчэ адзін — пра мабілізацыю бяздзетных жанчын.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Томас Шэлінг яшчэ ў 1960 годзе ў сваёй «Стратэгіі канфлікту» патлумачыў: прымусіць пагрозамі лягчэй таго, хто сам выбудоўвае для сябе рэальнасць гэтых пагроз, загадзя ў іх верыць. Крытычнае мысленне ў такіх умовах становіцца не менш важным, чым СПА, элементам абароны.

У перамовы, якія, хутчэй за ўсё, пачнуцца восенню, мы павінны ўступаць без аніякіх ілюзій: хутка завяршыць іх у інтарэсах Украіны не атрымаецца. Трэба рыхтавацца да працяглага і складанага перагаворнага працэсу, у якім нашай задачай будзе ўтрымліваць свае пазіцыі і саюзнікаў. А гэта магчыма толькі з халоднай галавой.

Лана Зеркаль, Facebook

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках