Украіна стварыла звышхуткі перахопнік «Шахедаў»
- 14.08.2026, 17:25
- 1,044
Рэактыўны дрон ужо праходзіць баявыя выпрабаванні.
Першыя ўкраінскія рэактыўныя дроны-перахопнікі для барацьбы з рэактыўнымі «Шахедамі» праходзяць баявыя выпрабаванні. Пра гэта 14 жніўня паведаміў экс-міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў.
Ён адзначыў, што Украіна назірае тэндэнцыю замены расіянамі звычайных дронаў «Шахед» на рэактыўныя.
«Гэта змена стратэгіі вайны ў небе. Наша рэакцыя павінна быць хуткай, каб працягваць перамагаць Расію ў кожным тэхналагічным цыкле», — адзначыў Фёдараў.
Ён нагадаў, што летась Украіна пачала сістэмна развіваць дроны-перахопнікі і цяпер мае адну з самых сучасных сістэм «малай» супрацьпаветранай абароны ў свеце, досвед якой вывучаюць іншыя арміі. Цяпер, паводле яго слоў, стаіць задача «прыкласці ў 10 разоў больш намаганняў», каб як мага хутчэй супрацьдзейнічаць пагрозе рэактыўных дронаў. Фёдараў распавёў, што цягам года яго каманда праз Brave1 выдзяляла гранты вытворцам, аналізавала, дапамагала з тэставаннем, і сёння ўжо некалькі ўкраінскіх вытворцаў маюць такія рашэнні.
«Нядаўна наведаў адно з прадпрыемстваў. Каманда адна з першых ва Украіне стварыла рэактыўны дрон-перахопнік, які дзякуючы рэактыўнаму рухавіку развівае хуткасць больш за 600 км/гадз. Цяпер распрацоўка праходзіць баявыя выпрабаванні. Чакаем вынікаў і першых пацверджаных збіванняў», — праінфармаваў ён.
Экс-міністр абароны падкрэсліў, што важна не спыняцца, працягваць інвестыцыі, выпрабаванні і маштабаванне вытворчасці.
«Ахова ўкраінскага неба застаецца адным з ключавых напрамкаў нашай стратэгіі ў вайне», — рэзюмаваў Фёдараў.