Андрэй Сібіга: Калі ласка, прыслухайцеся да Украіны!
1- 17.08.2026, 22:08
- 2,392
ФОТА: KIRILL CHUBOTIN / / FORUM
Кіраўнік МЗС Украіны звярнуўся да Еўропы з-за скандалу з «Расатамам» і АЭС.
Часовы выконваючы абавязкі міністра замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга пракаментаваў публікацыю Politico пра скандал вакол будаўніцтва атамнай станцыі «Эль-Дабаа» ў Егіпце, якую ўзводзіць дзяржкарпарацыя РФ «Расатам». Паводле крыніц СМІ, на будоўлі кампанію западазрылі ў сур'ёзных парушэннях бяспекі і тэхнічных недахопах, у прыватнасці ў «дэфектах» некалькіх рэактарных блокаў АЭС і парушэнні «культуры ядзернай бяспекі» падчас будаўніцтва станцыі.
У адказ Сібіга адзначыў, што расследаванне з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што «Расатам» не з'яўляецца надзейным партнёрам. Ён падкрэсліў, што гэта не проста энергетычная кампанія, а інструмент рэалізацыі амбіцый дзяржавы-агрэсара Расіі па ўсталяванні глабальнай манаполіі ў ядзернай энергетыцы.
«Украіна даўно папярэджвала еўрапейскія ўрады аб недапушчальнасці любога супрацоўніцтва з «Расатамам», і мы лічым, што настаў час аднавіць сур'ёзнае абмеркаванне ўвядзення санкцый ЕС супраць гэтай кампаніі. Звяртаюся да ЕС і яго дзяржаў-членаў: калі ласка, прыслухайцеся да Украіны! На жаль, ніводная іншая краіна ў свеце не ведае лепш, чаму Маскве нельга давяраць у пытаннях, што датычацца ядзернай энергетыкі», – падкрэсліў в.а. кіраўніка МЗС.
Сібіга адзначыў, што РФ прадстаўляе найбольшую пагрозу для ядзернай бяспекі на кантыненце. У пацвярджанне ён узгадаў Чарнобыльскую катастрофу 1986 года і цяперашнія рызыкі, выкліканыя расійскай акупацыяй Запарожскай АЭС, пашкоджанне новага бяспечнага канфайнмента ў Чарнобылі, палёты дронаў над дзеючымі атамнымі электрастанцыямі і наўмысныя ўдары па іх крытычна важных падстанцыях.
Ён падкрэсліў, што «Расатам» непасрэдна датычны да мноства злачынстваў дзяржавы-агрэсара супраць ядзернай бяспекі і з'яўляецца рычагам уплыву расійскага рэжыму на еўрапейскія ўрады. Ён таксама ўказаў на адказнасць «Расатама» за сістэматычныя выкраданні, затрыманні і катаванні персаналу Запарожскай АЭС у часова акупаваным Энергадарэ.
«Ні адна дзяржава не павінна мець ядзерных бізнес-сувязяў з кампаніяй, якая з'яўляецца саўдзельніцай ваенных злачынстваў. І ўсё ж «Расатам» дагэтуль не пад санкцыямі. Адзінай разумнай стратэгіяй на гэтым фоне з'яўляецца спыненне любога супрацоўніцтва з Масквой у сферы ядзернай энергетыкі, канчатковая адмова ад якой-небудзь залежнасці ад Расіі ў ядзерным сектары і ўвядзенне санкцый супраць «Расатама», – рэзюмаваў Сібіга.