Гэтай ноччу Беларусь наведаў тарнада
2- 2.08.2026, 10:30
- 8,350
Стыхія прайшла за 15 км ад Беларускай АЭС.
На паўночным захадзе Смаргонскага і паўднёва-ўсходзе Астравецкага раёна прайшло тарнада. Аб гэтым паведаміў тэлеграм «Метеовайб», які спецыялізуецца на асвятленні надвор'я. Падобна, гэта ўсяго 13-ы па ліку тарнада ў айчыннай гісторыі.
Тэлеграм «Дневник 6 курса метеорологии» удакладняе, што ў гэтых мясцінах уздоўж трасы ад вёскі Малыя Рачуны (у Смаргонскім раёне) да аграгарадка Рымдзюны (у Астравецкім раёне) на адлегласці як мінімум 10 км выяўлены пашкоджанні: паваленыя і паламаныя дрэвы, месцамі ветравалы, пашкоджаныя дахі, агароджы, дарожныя знакі. Дрэвы былі паваленыя хаатычным чынам, напрыклад, адны дрэвы — з захаду на ўсход, крыху далей — з усходу на захад і г.д. Тарнада прайшло за 15 км ад Беларускай АЭС.
Тарнада (смерч) — гэта віхравы слуп паветра, які цягнецца ад воблака да зямлі. Яно ўтвараецца, калі зверху апускаецца халоднае паветра і фармуецца кучава-дажджавая хмара. Цёплае паветра знізу пачынае падымацца, выцясняючы халоднае. Ветры ўзмацняюцца, пачынаюць рухацца ўверх і ўніз, закручваючыся ў спіраль. Паступова хмара зацягваецца ў гэты віхор, з’яўляецца бачная варонка. Калі яна датыкаецца зямлі, гэта класіфікуецца як тарнада.
Як тлумачылі ў 2024-м у Белгідрамеце, за апошнія больш чым 30 гадоў смерчы адзначаліся ў нашай краіне толькі 11 разоў (у тым ліку ў чэрвені 2024 года; такім чынам, выпадак, што адбыўся ў 2025-м, — 12-ы па ліку). Большасць з іх адносілася да 1–2-га класа інтэнсіўнасці па шкале Фуджыты (усяго ў ёй шэсць узроўняў — ад 0 да 5).

Адзін з самых разбуральных тарнада (2–3-і клас) адбыўся ў жніўні 1993 года ў Шаркаўшчынскім і Мёрскім раёнах Віцебскай вобласці. Тады быў перакулены 35-тонны прычэп, паламаныя і вырваныя з коранем дрэвы, пашкоджаныя і часткова сарваныя дахі, выбітыя шыбы і г.д. У 2023-м з-за смерчу на Мінскім моры загінула дзяўчына.
