За два дзясяткі кіламетраў ад «палаца Пуціна» ўпаў дрон
6- 3.08.2026, 13:45
- 3,504
Ёсць загінулыя.
Чацвёра чалавек, у тым ліку дзіця, загінулі, яшчэ 10, уключаючы непаўналетніх, — атрымалі раненні ў выніку падзення ўкраінскага беспілотніка ў вёсцы Архіпа-Асіпаўка ў Краснадарскім краі, паведаміў аперштаб Кубані. Першапачаткова губернатар Веніямін Кандрацьеў паведамляў пра трох ахвяр і 13 пацярпелых. Падрабязнасцяў атакі ўлады не прывялі, заявіўшы толькі, што «атака была скіраваная на грамадзянскую інфраструктуру». На роліку, апублікаваным украінскім рэсурсам Supernova, відаць, як дрон на фоне кананады падлятае да пляжу, пасля чаго рэзка змяняе курс і падае проста на пляж з адпачывальнікамі. Затым адбываецца выбух. Канал сцвярджае, што дрон быў збіты мабільнай агнявой групай (МОГ).
Архіпа-Асіпаўка, якая адносіцца да Геленджыка, знаходзіцца прыкладна за 22 км па прамой ад так званага «палаца Пуціна» паміж вёскамі Праскавееўка і Крыніца. Адзін з падпісчыкаў пабліка «Архіпа-Асіпаўка» ў «Вкантакце» напісаў, што дрон «у Крыніцы над намі кружыў, два заходы зрабіў над пляжам», пасля чаго паляцеў «у бок Архіпкі». Іншая карыстальніца паведаміла, што адзін з БПЛА пасля збіцця «ўрэзаўся ў гару», а другі пасля перахопу «ўпаў на пляж, дзе база адпачынку «Рассвет». Паводле слоў каментатараў, падчас атакі не было сірэн паветранай трывогі. Паводле інфармацыі Supernova, мэтай атакі была «асабістая база» «НПО машынабудавання» падмаскоўнага Рэутава.
Як адзначае канал, «НПО машынабудавання» — гэта прадпрыемства абаронна-прамысловага комплексу РФ, якое спецыялізуецца на распрацоўцы крылатых ракет, ракетна-касмічнай тэхнікі, спадарожнікаў і іншых ваенных комплексаў. Сцвярджаецца, што на базе ў Геленджыку адпачывалі «выключна канструктары ракет», і БПЛА не даляцелі да яе каля 300 метраў. «На пляжы размешчаная пазіцыя МОГ», — піша рэсурс.
«Палац Пуціна», як піша The Moscow Times, уяўляе сабой комплекс плошчай 17,7 тыс. кв. метраў, размешчаны на чарнаморскім беразе за 20 км ад Геленджыка. Паводле расследавання апазіцыянера Аляксея Навальнага, ён уключае рэстаран, верталётную пляцоўку, ледавы палац, царкву, амфітэатр, гасцявы дом, АЗС і 80-метровы мост. Унутры асноўнага будынка — басейн з аквадыскатэкай, спа-цэнтр, сауны, турэцкія лазні, уласныя мясна-рыбны, гароднінны і дэсертны цэхі, склад лячэбнай гразі, бібліятэка, музычная гасцёўня і гэтак далей.
Над тэрыторыяй палаца ўстаноўленая беспалётная зона, а прылеглыя 7 тысяч гектараў, паводле дадзеных расследавання, належаць ФСБ. У фільме Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) сцвярджалася, што на будаўніцтва патрацілі не менш як 100 млрд рублёў, а сам будынак з’яўляецца найбуйнейшым прыватным жылым домам у Расіі.