Арменія канчаткова павярнулася ад Расіі да Еўропы
- 30.08.2026, 12:55
Расійскі ўплыў на Ерэван абнулілі.
Арменія рыхтуецца падаць заяўку на ўступленне ў ЕС і можа выставіць Расіі рахунак на 2 млрд долараў.
Аб гэтым паведамляе прэс-служба Службы знешняй разведкі Украіны.
Улады Арменіі абвясцілі пра пачатак працэсу падачы афіцыйнай заяўкі на ўступленне ў Еўрасаюз. У разведцы назвалі гэта фінальным этапам развароту Ерэвана ад Масквы да Еўропы.
Перад гэтым Расія ўвяла абмежаванні на ўвоз армянскіх абрыкосаў, чарэшні, рыбы, вады «Джэрмук» і каньяку. Аднак замест саступак Арменія пачала шукаць новыя рынкі, а ЕС выдзеліў краіне дзясяткі мільёнаў долараў у межах «Плана росту».
Прэм’ер Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што параліч Еўразійскага эканамічнага саюза з-за дзеянняў Расіі можа стаць пачаткам канца ЕАЭС.
Паводле даных СВРУ, калі Масква паспрабуе ціснуць павышэннем цаны на газ, Ерэван можа выставіць ёй рахунак прыкладна на 2 млрд долараў за размяшчэнне 102-й расійскай вайсковай базы і кіраванне чыгункамі Арменіі.
Мірнае пагадненне з Азербайджанам, адкрыццё межаў з Турцыяй і рух у ЕС фактычна пазбаўляюць Расію галоўных рычагоў уплыву на Арменію.
Арменія адвярнулася ад Расіі
Нагадаем, нядаўна Арменія выкрасліла Расію са спісу стратэгічных саюзнікаў. У зацверджанай праграме ўрада Арменіі на 2026–2031 гады РФ як стратэгічны саюзнік не згадваецца.
Раней мы паведамлялі, што Арменія ў бліжэйшы час афіцыйна падасць заяўку на сяброўства ў ЕС. Пашынян удакладніў, што ўсeнародны рэферэндум па еўраінтэграцыі адбудзецца пасля ўзгаднення дарожнай карты з Бруселем.