ЗСУ нанеслі магутны ракетны ўдар па Белгарадзе: гарыць буйны хаб Ozon
3- 30.08.2026, 19:10
- 3,116
Над горадам падняліся вялізныя слупы чорнага дыму.
Расійскі Белгарад пацярпеў ад масіраванага ракетнага ўдару. Маніторынгавыя каналы і мясцовыя паблікі паведамляюць пра серыю выбухаў і траплянні адразу ў некалькіх раёнах горада.
Пасля выбухаў над горадам падняліся густыя слупы дыму. У прыватнасці, моцнае задымленне зафіксавалі ў раёне Харкаўскай гары і паблізу ЦЭЦ.
Акрамя таго, паведамляецца пра ўдар па складскім комплексе «Эстейт Логистик». Паводле даных маніторынгавага канала Exilenova+, пасля трапляння там успыхнуў маштабны пажар.
Комплекс, паводле розных звестак, займае ад 12 да 24,5 тысячы квадратных метраў і выкарыстоўваўся кампаніяй Ozon. Над месцам пажару падняўся велізарны слуп чорнага дыму.
Інфармацыі пра наступствы удараў і маштабы разбурэнняў пакуль няма.
Пазней аналітыкі OSINT Astra пацвердзілі, што адзін з удараў прыйшоўся на Цагляны тупік, 2А, карпусы 3 і 1, дзе размешчаны хаб «Эстейт Логистик».

