Бэсэнт сустрэўся з Сілуанавым
1- 31.08.2026, 19:54
- 1,086
Кіраўнік Мінфіна ЗША абмеркаваў з расійскім калегам план Трампа па Украіне.
Кіраўнік Мінфіна ЗША Скот Бэсэнт правёў сустрэчу з міністрам фінансаў Расіі Антонам Сілуанавым. Пра гэта паведаміў карэспандэнт Fox Business Эдвард Лоўрэнс, а таксама яго калега з NBC Джулія Цыркін і выданне The New York Times.
Сустрэча адбылася на саміце міністраў фінансаў і кіраўнікоў цэнтрабанкаў краін-членаў «Вялікай дваццаткі» (G20) у амерыканскім Эшвіле (Паўночная Караліна).
Паводле слоў Эдварда Лоўрэнса, бакі абмеркавалі план Дональда Трампа па ўрэгуляванні вайны ва Украіне.
Карэспандэнтка NBC Джулія Цыркін дадала, што Бэсэнт і Сілуанаў таксама гаварылі пра эканамічны рост дзвюх краін.
Паводле інфармацыі The New York Times, удзел Сілуанава ў саміце выклікаў пратэст з боку прадстаўнікоў еўрапейскіх краін. У выніку ён не ўдзельнічаў у традыцыйным агульным фота.
Кіраўнік расійскага Мінфіна ўдзельнічае ў саміце G20 упершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Візіт Антона Сілуанава не анансаваўся, піша «Медуза».