4 жнiўня 2026, aўторак, 5:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расійскія страхоўшчыкі пачалі выводзіць грошы з бізнесу рэкорднымі за гады вайны тэмпамі

Расійскія страхоўшчыкі пачалі выводзіць грошы з бізнесу рэкорднымі за гады вайны тэмпамі

Апошні раз такі высокі паказчык фіксаваўся ў даваенным 2021 годзе.

Расійскія страхавыя кампаніі па выніках 2025 года накіравалі на дывідэнды 215,9 млрд рублёў — на 23% больш, чым годам раней, тады як чысты прыбытак сектара вырас толькі на 5,2%, да 502,3 млрд рублёў. Пра гэта піша РБК са спасылкай на рэйтынгавае агенцтва НКР. Доля прыбытку, якая ідзе акцыянерам (payout ratio), павялічылася з 36,8% да 43% — страхоўшчыкі накіроўвалі на дывідэнды амаль кожны другі зароблены рубель. Як адзначае выданне, апошні раз такі высокі паказчык фіксаваўся ў даваенным 2021 годзе.

Пяць кампаній накіравалі на дывідэнды суму, што перавышае гадавы прыбытак. Лідар — «Т-Страхование» (44,3 млрд рублёў, payout ratio 154%). Далей ідуць «Совкомбанк страхование» (33,4 млрд) і «Совкомбанк страхование жизни» (28 млрд). «Сбербанк страхование» выплаціла амаль увесь чысты прыбытак — 22,1 млрд рублёў. У «Дефанс Страхование» payout ratio дасягнуў 222%, у «Астро-Волга» — 113%. У НКР адзначаюць, што такія выплаты могуць фінансавацца за кошт прыбытку мінулых гадоў і самі па сабе не азначаюць пагаршэння фінансавага становішча, аднак пры рэгулярным паўторэнні змяншаюць запас капіталу для росту і пакрыцця страт.

Пры гэтым прыбытак быў забяспечаны не страхавымі аперацыямі, а інвестыцыйнымі даходамі — яны выраслі амаль у 1,5 раза, да 326,9 млрд рублёў, тады як вынік ад страхавых паслуг скараціўся на 4,4%. Банк Расіі таксама звязвае рост прыбытку з працэнтнымі даходамі і павелічэннем долі аблігацый у актывах, а не з паляпшэннем вынікаў страхавога бізнесу. У НКР адзначаюць, што па меры зніжэння ставак гэты эфект будзе слабнуць, а ключавымі фактарамі зноў стануць якасць тарыфаў і кантроль выдаткаў.

Гендырэктар «Совкомбанк страхование» Ігар Лаппі патлумачыў РБК, што перавышэнне payout ratio над 100% адлюстроўвае выплаты з назапашанага капіталу мінулых гадоў, але кампанія не разглядае такую практыку як доўгатэрміновую тэндэнцыю. У Сбербанку заявілі, што дывідэнды вызначаюцца, зыходзячы з дастатковасці капіталу для выканання патрабаванняў ЦБ.

Паводле прагнозаў НКР, чысты прыбытак страхоўшчыкаў у 2026 годзе не перавысіць 400 млрд рублёў — падзенне як мінімум на пятую частку. Прычынамі стануць павелічэнне збытковасці і зніжэнне ключавой стаўкі ЦБ, што паменшыць даходнасць укладанняў. Пры гэтым на дывідэнды, паводле ацэнкі кіруючага дырэктара НКР Яўгена Шарапава, можа быць накіравана каля 200 млрд рублёў, а доля выплат будзе і далей расці на фоне зніжэння прыбытку пры захаванні аб'ёму выплат.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках