У Германіі 1800 музыкаў тры дні гралі без прыпынку
- 4.08.2026, 16:41
Яны ўстанавілі сусветны рэкорд.
У Нюрнбергу 1800 музыкаў з больш чым 140 духавых аркестраў тры дні запар гралі без аніводнага прыпынку. За 72 гадзіны бесперапыннага канцэрта ў царкве святога Якава яны ўстанавілі сусветны рэкорд, піша «Еўрапульс».
Музычны марафон пачаўся 30 ліпеня а 9-й раніцы і скончыўся раніцай 2 жніўня. Матэрыялы ўжо перададзены ў Інстытут рэкордаў Германіі, які афіцыйна пацвярджае сусветныя рэкорды ў нямецкамоўных краінах.
Паміж музычнымі творамі дапускалася не больш за дзесяць секунд цішыні. Каб музыка гучала бесперапынна цягам 72 гадзін, арганізатары падзялілі канцэрт на 48 адрэзкаў працягласцю па 90 хвілін. У кожным па чарзе гралі тры аркестры, пасля чаго іх змяняла наступная група музыкаў. Некаторыя калектывы выступалі некалькі разоў.
Найбольш складаным аказалася не граць трое сутак запар, а стварыць ідэальна адладжаную схему змены музыкаў. Затрымка цягніка, хвароба ўдзельніка або іншая непрадбачаная сітуацыя маглі прывесці да паўзы і паставіць рэкорд пад пагрозай. На такі выпадак у Нюрнбергу пастаянна знаходзілася рэзервовая група валанцёраў, якую арганізатары назвалі «пажарнай камандай». Яе ўдзельнікі павінны былі неадкладна выйсці на замену, калі які-небудзь з ансамбляў не зможа выступіць.
Арганізатары прадугледзелі і сцэнары на выпадак спазненняў цягнікоў, адключэння электрычнасці і нават удару маланкі. Немагчыма было падрыхтавацца толькі да надзвычайнай сітуацыі, пры якой давялося б правесці поўную эвакуацыю цэнтра Нюрнберга.
З дапамогай марафону арганізатары хочуць прыцягнуць увагу да дзейнасці так званых Posaunenchöre — распаўсюджаных у Германіі ансамбляў медных духавых інструментаў. Толькі ў Баварыі налічваецца каля 830 такіх калектываў з 15 тысячамі музыкаў.
У Германіі такія ансамблі часта ўспрымаюць выключна як музычнае суправаджэнне богаслужэнняў і пахаванняў. Таму акцыя была заклікана паказаць, што рэпертуар такіх калектываў значна больш разнастайны, і дапамагчы прыцягнуць новых музыкаў.
Усе тры дні царква святога Якава заставалася адкрытай кругласутачна. Тут гучалі царкоўныя харалы, народныя песні, серанады, сучасная папулярная музыка і нават калядныя кампазіцыі. Музычны марафон завяршыўся богаслужэннем 2 жніўня.