У Літве выявілі трэці тунэль з Беларусі
1- 5.08.2026, 22:26
- 1,638
Фота: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы
Фотафакт.
Яшчэ адзін падземны тунэль выявілі на літоўска-беларускай мяжы. Пра гэта паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Тунэль знаходзіўся каля вёскі Латэжэрыс, якая знаходзіцца ў 10 км ад Друскінінкая. Лаз быў пракладзены пад агароджай на глыбіні каля 1,5 метра. Падземны праход быў умацаваны бервёнамі і дошкамі. Ён цягнуўся прыкладна на чатыры метры ад лініі дзяржаўнай мяжы з тэрыторыі Беларусі ўглыб тэрыторыі Літвы. Пасля абследавання тунэля высветлілася, што з боку Беларусі ўваход быў закрыты маскіровачнай тканінай.

«Як і ў папярэдніх выпадках, будаўніцтва тунэля яшчэ не было завершана. Выхаду за межы фізічнага памежнага загароджання не было, таму праз гэты падземны праход нелегальныя мігранты або іншыя асобы не маглі трапіць на тэрыторыю Літвы. Пасля правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў меркаваны тунэль быў засыпаны зямлёй», — дадалі памежнікі.
Па факце незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы пачата дасудовае расследаванне. За такое злачынства законам прадугледжаны штраф, арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.